Заўтра апошні дзень перапісу насельніцтва

29 октября 2019

У Мінскай вобласці ў гэтай кампаніі прынялІ ўдзел звыш 90 % насельніцтва. Прычым чвэрць запоўнілі анкеты праз інтэрнэт. І гэта даволі высокі паказчык. Да астатніх жа па месцы жыхарства яшчэ сёння і заўтра будуць прыходзіць перапісчыкі.

Працягваюць працаваць і стацыянарныя пункты ў кожным райцэнтры вобласці. Штодзень яны адкрыты з 9 раніцы да 8 вечара.

Падрабязна Наталля Кезік. Для Таццяны Старавойтавай сёлетні перапіс насельніцтва трэці ў практыцы. Па сваім участку жанчына вандруе з 9 раніцы. А заканчвае часам зацемна, бо самы актыўны перапіс пачынаецца, калі гараджане вяртаюцца з працы.

Кацярына Макаль сёлета на анлайн-перапіс не паспела. Таму ўзгадніла час з перапісчыкам свайго ўчастка і літаральна за 10 хвілін адказала на ўсе пытанні анкеты – адначасова перапісала мужа і трох сыноў. А вось на перапіс сям’і Шарамет спатрэбіцца каля паўгадзіны. Раман і Ганна выхоўваюць семярых дзяцей. І на ўласным падворку трымаюць невялікую гаспадарку.
Каб прыняць удзел у кампаніі, няма неабходнасці нават прад’яўляць пашпарт альбо іншыя дакументы. Усе звесткі запішуць з вашых слоў.

Заўтра ў нашай краіне апошні дзень перапісу насельніцтва. Перапісацца можна вось на такіх стацыянарных участках. Яны традыцыйна працуюць з 9 раніцы і да 8 вечара. У чацвер, 31 кастрычніка, гэта зрабіць ужо будзе немагчыма, таму адказаць на паўсотні пытанняў ёсць магчымасць яшчэ заўтра. У Маладзечанскім раёне 6 такіх стацыянарных пунктаў. Працавалі і мабільныя выязныя пункты на прадпрыемствах і ў буйных гандлёвых цэнтрах. Акрамя гэтага, свае ўчасткі з адрасамі абходзяць амаль 200 перапісчыкаў.

У цэнтральным рэгіёне перапіс насельніцтва амаль завершаны. У кампаніі прынялі ўдзел больш за 90 % жыхароў. Чвэрць прапанаваную анкету вырашылі не адкладваць і на пытанні адказалі анлайн.