Завяршальная стадыя вучэнняў Захад-2013

26 сентября 2013

Сёння ў сумесных беларуска-расійскіх стратэгічных манеўрах прыме ўдзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца, што прыбудзе і Кіраўнік Расійскай Федэрацыі - Уладзімір Пуцін. Лідары дзвюх краін наведаюць палігоны Гожскі ў Беларусі і Хмялёўка ў Расіі, дзе сумесныя воінскія кантынгенты Саюзнай дзяржавы будуць выконваць прадугледжаныя сцэнарыем вучэнняў задачы па барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Фінальная фаза пачнецца ўжо літаральна праз некалькі гадзін.


Дзмітрый Смірноў - падрабязней. Сёння на Гожскім палігоне беларускія і расійскія вайскоўцы будуць супрацьстаяць атакам тэрарыстаў. Згодна са сцэнарыем вучэнняў, на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы спрабуюць прабрацца незаконныя бандфарміраванні - 2000 баевікоў. Усе дзеянні на палігоне будуць праходзіць у становішчы максімальна набліжаным да баявога.


На палігоне будзе задзейнічана ваенная авіяцыя, танкі, бронетэхніка. Разведку на мясцовасці правядуць з дапамогай беспілотнікаў. Галоўная задача - не толькі праверыць новыя ўзоры ўзбраенняў, але і на практыцы ў палявых умовах вызначыць эфектыўнасць узаемадзеяння кантынгентаў дзвюх краін.


Адрозненне цяперашніх вучэнняў Захад-2013 ад папярэдніх - у адначасовасці дзеянняў. Сёлета манеўры праходзяць на тэрыторыі і Беларусі і Расіі. І не толькі на сушы. Сёння пасля завяршэння вучэнняў на Гожскім палігоне пад Гроднам дзеянне перамесціцца на ваенны палігон Хмялёўка ў Калінінградскай вобласці. Беларускія вайскоўцы высадзяцца на ўзбярэжжа з самага вялікага ў свеце дэсантнага карабля на паветранай падушцы праекта Зубр.