Аздабленне Паўночнай вежы, унутраных памяшканняў і ўязной брамы. Завяршаецца чарговы этап рэканструкцыі Старога замка ў Гродне. Унікальны помнік архітэктуры вядомы яшчэ з 11 стагоддзя. Затым неаднаразова перабудоўваўся. Сёння яго плануюць аднавіць у тым выглядзе, якім ён быў у часы Рэчы Паспалітай. Аб тым, як мяняецца гродзенская рэліквія, рэпартаж Юрыя Карняловіча.
Рэканструкцыя Старога замка ў Гродне вядзецца ўжо больш за два гады. Яе падзялілі на некалькі этапаў. Спачатку поўнасцю абнавілі ўязную браму, з нуля ўзвялі частку паўднёвай сцяны, сярэднюю вежу і гаспадарчыя будынкі на ўнутраным двары. Зараз асноўныя будаўніча-мантажныя работы завершаны, а рэстаўратары пачалі аздабленне ўнутраных памяшканняў.
Усе гэтыя работы сталі магчымымі пасля вырашэння самай галоўнай праблемы праекта – умацавання Замкавай гары.
Завяршыўся яшчэ адзін, не менш адказны, этап рэстаўрацыі помніка архітэктуры. Будаўнікі ўмацавалі схіл Замкавай гары. Для гэтага выкарысталі больш за 500 кубаметраў пяску і бетону.
Рэканструкцыя старажытнага замка – справа няхуткая. Толькі падрыхтоўчыя работы занялі некалькі гадоў. Спецыялісты дасканала вывучалі гістарычныя дакументы, пачынаючы з 14 стагоддзя. Праект аднаўлення неаднаразова мяняўся. А перш чым на тэрыторыю прыйшлі будаўнікі, археолагі метр за метрам ператрэслі ўсе культурныя пласты глебы. Прызнаюцца: дзе ні капні, усюды знойдзеш артэфакт.
Самай каштоўнай лічыцца знаходка апошняга тыдня. Спецыялісты знайшлі муры сярэдневяковай вежы.
Галоўная задача будаўнікоў і рэстаўратараў – максімальна захаваць гістарычныя збудаванні замка. Таму на аб’екце навадзелы вельмі часта суседнічаюць з аўтэнтычнай кладкай.
Першую чаргу рэканструкцыі плануюць завяршыць ужо сёлета. Наступны аб’ект – Каралеўскі палац у замку.
Завяршаецца чарговы этап рэканструкцыі Старога замка ў Гродне
15 августа 2020













