Абарона правоў і інтарэсаў дзяцей - безумоўны прыярытэт нацыянальнай палітыкі Беларусі

8 декабря 2016

Гэта заявіла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, выступаючы сёння ў МЗС на мерапрыемстве, прысвечаным 70-годдзю Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

На сённяшні дзень рэалізуецца ўжо трэцяя краінавая праграма ЮНІСЕФ для Беларусі. Яе прыярытэты - правы дзіцяці, моладзь і інавацыі, прафілактыка дзіцячых захворванняў і шкодных звычак, а таксама паляпшэнне становішча асабліва ўразлівых катэгорый дзяцей.

Алена Купчына, намеснік міністра замежных спраў Беларусі: "Мы вельмі ганарымся тым, што Беларусь і ЮНІСЕФ ужо больш  чым 70 гадоў разам. Гэта ўжо трэцяя краінавая праграма супрацоўніцтва ЮНІСЕФ для Беларусі, што рэалізуецца ў нашай краіне. Плануецца, што за час ажыццяўлення гэтай праграмы ў нашу краіну будзе прыцягнута 8,5 мільёна  долараў ЗША. І мы разлічваем на падтрымку прадстаўнікоў тых дзяржаў, паслы якіх сёння прысутнічалі на гэтым вечары. Гэта дзяржавы - члены Еўрасаюза".

З нагоды юбілею арганізацыі на мерапрыемстве прысутнічалі намеснік Рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і СНД Дэвід Маклафлін, кіраўнік прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар, шэраг высокапастаўленых замежных гасцей. Усе адзначылі, што за час супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ Беларусь праявіла сябе як грунтоўны і актыўны партнёр.

Дэвід Маклафлін, намеснік рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і СНД: "Рэспубліка Беларусь - гэта магутны партнёр ЮНІСЕФ. Вядучыя сусветныя практыкі ў галіне  абароны правоў дзяцей і жанчын былі напрацаваныя ў вас у краіне, і сёння настаў час, каб Беларусь экспартавала свае веды і дасягненні ў гэтых галінах па ўсім свеце. Вядома, гэта вельмі хвалюючы і прыемны момант як для Рэспублікі Беларусь, так і для краін Еўропы".

У рамках урачыстасцяў адбылася цырымонія памятнага гашэння паштовай маркі Рэспублікі Беларусь, выпуск якой прымеркаваны да 70-й гадавіны ЮНІСЕФ, а таксама адкрыццё тэматычнай выставы арганізацыі.  



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя