Засяліцца ў новыя кватэры людзі не могуць ужо тры месяцы

7 апреля 2015

Дом пабудавалі ў тэрмін, але ад гэтага не лягчэй. Засяліцца ў новыя кватэры людзі не могуць ужо тры месяцы. Каменем сутыкнення сталі электрасеткі, якія да гэтай пары не перадалі на баланс гораду. Калі ж людзі атрымаюць ключы ад кватэр, за якія грошы заплацілі? Разбіралася Антаніна Станкевіч.

Цацкі справа нажыўная, вось толькі канца і краю абяцанням засяліць людзей у новы дом і не бачна. Апошні ліст з адказам прыйшоў першага красавіка. Напэўна, жарт – падумалі людзі.

Сапраўднымі заложнікамі сітуацыі сталі тыя, хто зараз пражываюць у інтэрнатах. Па законе яны павінны выселіцца праз тры месяцы пасля ўводу дома ў эксплуатацыю. Тэрмін для многіх скончыўся яшчэ напрыканцы сакавіка. І зараз людзям ісці няма куды.

Тэрмін засялення ўжо не аднойчы адкладваўся. А між тым кватэры людзі паспелі аформіць на сябе. А значыць, апошнія тры месяцы аплочваюць ацяпленне. Па павышаных тарыфах – бо прапісацца ў кватэрах нельга.

Каменем сутыкнення сталі электрасеткі, якія ніяк не перададуць на баланс гораду. Інжынерную інфраструктуру ўзводзіць інвестар – у эксплуатуючых арганізацый ёсць шэраг заўваг. Зараз будаўнікі павінны выправіць усе недахопы і падключыць дом да электрасетак.

Калі інвестар не выканае свае абавязкі, яму пагражаюць пэўныя санкцыі. А тым часам забудоўшчык шукае альтэрнатыўныя варыянты выйсця з сітуацыі, каб дольшчыкі нарэшце справілі наваселле.