Зарадзіцца бадзёрасцю на ўсё лета

11 августа 2014

У дзіцячых аздараўленчых лагерах заканчваецца чацвёртая змена. За лета толькі ў сталічных лагерах адпачыла 65 тысяч школьнікаў. Сёлета загарадны лагер ад Беларускай чыгункі святкуе сваё 60-годдзе.


Кірмаш атракцыёнаў і забаў, горад майстроў, дыскатэка і фаер-шоу - праграма для наведвальнікаў лагера была насычаная. У атмасферу мінулага і сучаснага акунулася і наш карэспандэнт Юлія Токар.


На свята госці збіраліся з раніцы. Адразу на ўваходзе - горад майстроў. А галоўную алею ўпрыгожылі рознакаляровыя шарыкі і дзіцячыя крэйдавыя малюнкі. Адзначыць 60-годдзе лагера вырашылі з размахам. Прафесійныя фокуснікі, аматарскія калектывы, гімнасты - на сцэне ладзілася фантастычнае шоу.


Аляксандр Янкавец, дырэктар аздараўленчага лагера: У нас запланаваны для дзяцей святочны абед. Будуць прыгатаваныя шашлыкі, але ў адпаведнасці з тэхналагічнай картай. Мы вырашылі сёння пацешыць дзяцей такім прыемным падарункам, бо дзеці вельмі любяць шашлыкі.


Асаблівы дух лагера ўзгадвае і Павел Шастакоў. Тут ён адпачываў у дзяцінстве, а затым працаваў важатым. Памятае стары драўляны клуб, дзе прайшло першае спатканне за кулісамі і дэбютнае выступленне на сцэне. Зараз на месцы клуба сучасны будынак. З гонарам Павел узгадвае і свой першы подзвіг.


За 60 гадоў лагер, безумоўна, змяніўся. Аднак для Паўла і знешні выгляд усё той жа: урачыстая лінейка на традыцыйным месцы, родная сталовая, яблыневы сад амаль на ўсе 9 гектараў.


Фруктовыя дрэвы не толькі ўпрыгожваюць лагер - вітаміны штодзённа ў рацыёне дзяцей. Сёлета ў лагеры аздаравілася амаль тысяча хлопчыкаў і дзяўчынак. У наступным годзе аздобяць амфітэатр, з'явяцца вулічныя трэнажоры, ужо закупілі ігравое абсталяванне. У лагера пачынаецца новая эпоха, а значыць, наперадзе новыя ідэі, сустрэчы і ўспаміны.