"Зарніца" аб’яднала амаль сто сталічных школьнікаў

8 июня 2017

Урок мужнасці для будучых абаронцаў. Лясны масіў у мікрараёне Уручча на два тыдні стаў паласой перашкод.

Па звілістых сцежках пракладзены экстрэмальны маршрут для ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнай гульні "Зарніца". Разам з юнымі курсантамі квест прайшоў і Ян Пашкевіч.

Лясны спрынт па партызанскіх сцежках ды яшчэ з поўным паходным камплектам – з першых дзён канікул такі салдацкі фітнес аб'яднаў амаль сто сталічных школьнікаў на традыцыйнай гульні «Зарніца».

Каб не згубіць свой маршрут сярод дрэў, юныя следапыты маюць толькі компас і ўласныя веды навігацыі, а вось дадатковыя складанасці стварае не толькі лясны ландшафт, але і штучныя перашкоды.

Экстрэмальная паласа – дэма-версія трэніровак прафесійных салдат. Толькі каб пераадолець балота, бурную раку або непрыкметна праслізнуць між пастак, дзятве трэба задзейнічаць і фантазію для эфекту поўнага апускання.

Амаль дзясятак лясных выпрабаванняў на двухкіламетровым маршруце не проста сілавыя галаваломкі. Так, каб пераадолець імправізаванае балота, спатрэбяцца і спадручныя сродкі – дошкі, а вось каб не закрануць «вяровачную сігналізацыю», трэба быць спрытным.

Такая экстрэмальная лясная навігацыя для атрада з дзесяці навабранцаў 110-й сталічнай школы ператварылася ў спартыўнае хобі. Баявы крос з перашкодамі прабеглі амаль за паўгадзіны.

Калісьці гульня «Зарніца» аб'ядноўвала тысячы школьнікаў з усяго Савецкага Саюза. Як і дзесяцігоддзі таму, сёння такая палявая ваенная экспрэс-акадэмія працягвае знаёміць юнакоў і дзяўчат з гераічным мінулым нашых продкаў, а таксама дае першы ўрок мужнасці для будучых абаронцаў.

Лес у мікрараёне Уручча стане спартыўным экастадыёнам і на наступным тыдні – тады ляснымі сцежкамі мужнасці прабягуць ужо вучні старэйшых класаў.