Зарабіць на паляванні

8 февраля 2014

Толькі за мінулы год лясныя гаспадаркі вобласці зарабілі амаль 40 мільярдаў рублёў. Прычым, за права падстрэліць дзіка, зайца ці казулю гатовыя заплаціць не толькі беларускія паляўнічыя, але і госці з замежжа.


Хто і на каго палюе ў лясах Міншыны, высвятляла Антаніна Станкевіч. Заплаці за пуцёўку і палюй спакойна. Зараз у лясах Мінскай вобласці вялікім попытам карыстаюцца дзікі. А для аматараў трафейнага палявання знойдуцца казулі, ласі і алені.


У гэтыя лясы прыязджаюць паляваць не толькі беларусы. Нярэдкія госці з Расіі і нават Заходняй Еўропы. І кожнаму знойдзецца звер па гусце.


Але толькі за права падстрэліць жывёліну турысты ўжо плаціць не гатовыя. А таму развіццё дадатковых паслуг - у цэнтры ўвагі лясных гаспадарак вобласці. Начлег, гарачая ежа і лазня - гэта толькі мінімальны пералік паслуг, якія прапануюць у паляўнічых гаспадарках рэгіёну.


Акрамя паляўніцтва звычайнага, актыўна развіваецца паслуга… фотапаляўніцтва. Жывёлы ў вальерах не толькі пазіруюць перад камерамі, але і бяруць ежу прама з рук.


Летась лясныя гаспадаркі вобласці зарабілі амаль 40 мільярдаў рублёў. Сёлета ж выручка павінна павялічыцца прыкладна на 10 мільярдаў. І мяркуючы па ўсім, задача выканальная.