Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 15 раёнах Мінскай вобласці

13 августа 2020
З-за гарачага надвор'я ў Мінскай вобласці захоўваецца напружанае пажаранебяспечнае становішча. Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 15 раёнах. Сярод іх  Мінскі, Вілейскі, Бярэзінскі і Крупскі. Работнікі лясгасаў  у рэжыме поўнай гатоўнасці да надзвычайных сітуацый. Тэхніку і спецінвентар правяраюць кожны дзень. Да ляснога патрулявання далучыўся Ілья Цвяткоў.

На вышыні шматпавярховага дома і з радыусам агляду 15 кіламетраў. Паводле слоў спецыяліста, новая лічбавая камера на базе лясгаса ў некалькі разоў спрашчае працу па пошуку ўзгаранняў у лясным фондзе. Агляд вядзецца ў рэжыме рэальнага часу, што дазваляе своечасова зрэагаваць на лясны пажар.

Кантроль сітуацыі з паветра  найбольш эфектыўны. Таму пасля выяўлення дыму на гарызонце  над лесам падымаюць квадракоптар. З дапамогай дрона супрацоўнікі лясніцтва вызначаюць дакладныя каардынаты і хуткасць распаўсюджвання агню.

Адзін з элементаў пажарнай бяспекі ў лесе - арганізацыя так званых мінералізаваных палос. Межы лясных масіваў рэгулярна абкапваюць, каб у выпадку ўзгарання пацярпела як мага менш зялёных плошчаў.

Яшчэ адзін спосаб пазбегнуць узгарання - зрабіць бяспечным знаходжанне чалавека ў лесе. Для гэтага ў Барысаўскім лясфондзе ў зонах адпачынку ўстаноўлена 47 камер відэаназірання.

Сухое і цёплае надвор'е - прычына заўсёды быць напагатове. Тэхніку для тушэння і спецінвентар правяраюць кожны дзень.

На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта абмежаванняў на наведванне лясоў. Зараз у Мінскай вобласці нельга хадзіць у лес у 15 раёнах.