Забарона на наведванне лясоў уведзена ў Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцях

26 апреля 2019

Гэта значыць, што знаходзіцца ў гушчарах небяспечна. Засушлівае надвор'е, нізкі ўзровень вільготнасці і парывісты вецер спрыяюць узгаранням.

З адным ачагом ужо ўдалося зладзіцца. У Нараўлянскім раёне патушылі пажар на плошчы 40 гектараў. А вось утаймаваць стыхію на Альманскіх балотах у Столінскім раёне пакуль не атрымліваецца. Узгаранне на плошчы 200 гектараў лакалізавана. На месцы здарэння задзейнічаныя дзясяткі адзінак тэхнікі, ратавальнікі, леснікі, пагранічнікі. 

Віталь Навіцкі, афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі: "Штодня два верталёты Мі-8 скідаюць каля 100 тон вады на моцны агонь. І прагноз развіцця сітуацыі больш як спрыяльны. Па-ранейшаму няма ніякай пагрозы населеным пунктам на тэрыторыі нашай краіны. Што датычыцца нашых паўднёвых суседзяў, то ўчора два баявыя разлікі МНС Беларусі працавалі разам з украінскімі калегамі на тэрыторыі суседняй краіны і выратавалі ад агню адну з вёсак".

Сачыць за становішчам з паветра дапамагае авіяцыя і спадарожнікавая сістэма. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у выхадныя чакаюцца дажджы.