У Беларусі і Расіі стартавалі сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2017".
Кіраўнікам органаў ваеннага кіравання, камандзірам аб'яднанняў і воінскіх часцей уручаныя пакеты з указаннямі генштабоў Узброеных сіл Саюзнай дзяржавы на выкананне вучэбна-баявых задач. Для адпрацоўкі практычных дзеянняў будуць выкарыстоўвацца шэсць палігонаў і два ўчасткі мясцовасці ў Віцебскай вобласці. І гэта толькі ў Беларусі. У Мінабароны падкрэсліваюць: вучэнні носяць абарончы характар, войскі і тэхніка не перавышаюць колькасць, абмежаваную рознымі пагадненнямі па кантролі над узбраеннямі.
У Міністэрстве абароны Расіі паведамілі, што танкавыя падраздзяленні на вучэннях "Захад-2017" на працягу сутак будуць перакінутыя з Падмаскоўя ў Беларусь. Па задуме манеўраў, была атрымана аператыўная інфармацыя аб выяўленні на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы незаконнага ўзброенага фарміравання. Асабовы склад танкавага злучэння са штатным узбраеннем і тэхнікай здзейсніў марш на чыгуначную станцыю пагрузкі, пасля чаго эшалонам на працягу сутак будзе перакінуты ў раён правядзення вучэнняў на тэрыторыю Беларусі.
Алег Белаконеў, начальнік генштаба Узброеных сіл - першы намеснік міністра абароны Беларусі: "Пункты кіравання разгорнутыя, сістэма кіравання створана і функцыянуе ў поўным аб'ёме. Зараз прайшло ўдакладненне задач, і на камандуючых пунктах кіравання пачалі ўдакладненне раней прынятых рашэнняў. Найбольш актыўныя дзеянні зараз вядуцца на ўчастках мясцовасці Дрэйдунь, Лепель і Лосвіда, дзе войскі практычна выконваюць задачы па пошуку, блакіраванні і затрыманні дыверсійнай групы на тэрыторыі нашай краіны".
Адкрытасць і празрыстасць вучэнняў падкрэслівае вялізная колькасць акрэдытаваных СМІ. Вялікая колькасць і назіральнікаў - 80 чалавек ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. Гэта прадстаўнікі міжнародных арганізацый - такіх, як НАТА, АБСЕ. Плюс акрэдытаваныя ваенна-дыпламатычныя карпусы замежных дзяржаў.













