Сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" будуць праходзіць на 6 палігонах у Беларусі

13 сентября 2017

Давесці да дасканаласці зладжанасць кіравання войскамі. Менш за суткі застаецца да старту стратэгічных вучэнняў "Захад-2017".

Міністэрства абароны падкрэсліла яшчэ раз: аснова вучэнняў нязменная - выключна абарончы характар. Тэматыка - падрыхтоўка войскаў у інтарэсах бяспекі Саюзнай дзяржавы. Паводле задумы, актывізавалася дзейнасць незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. У канфлікце задзейнічаныя з аднаго боку паўночныя, з іншага - заходнія, гэта значыць, кааліцыя зацікаўленых дзяржаў.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" будуць праходзіць на 6 палігонах у Беларусі: Барысаўскім, Даманаўскім, Ружанскім, Лепельскім, Лосвіда і Асіповіцкім, а таксама двух участках мясцовасці ў Віцебскай вобласці. Акрамя таго будуць задзейнічаныя тры палігоны на тэрыторыі Расіі.

Усяго ў сумесных манеўрах прымуць удзел 12 700 вайскоўцаў Беларусі і Расіі, з іх крыху больш як 10 000 - на беларускай тэрыторыі. Агульная колькасць бранятанкавай тэхнікі - 370 адзінак, у тым ліку каля 140 танкаў. Таксама будзе скарыстана да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню і, вядома, авіяцыя - звыш 40 самалётаў і верталётаў.

Алег Воінаў, начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі: "Адзначу, што пры вызначэнні раёнаў практычных дзеянняў войскаў для выключэння напружанасці ў адносінах з Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй прынцыпова абраныя палігоны, якія знаходзяцца на значным аддаленні ад дзяржаўнай мяжы".

Беларускім і расійскім вайскоўцам сумесна прыйдзецца закрываць мяжу, абараняць ваенныя аб'екты, ліквідаваць дыверсантаў і незаконныя ўзброеныя фарміраванні. Якімі менавіта будуць першыя хвіліны вучэнняў, пакуль трымаецца ў самай строгай таямніцы. Для тэлевізіёншчыкаў таксама аб'яўленая гатовасць нумар адзін. Нашы карэспандэнты з раніцы будуць сачыць за ўсімі манеўрамі. Самыя гарачыя і аператыўныя навіны ў эфіры "Беларусь 1".