Заняткі з 9-ці раніцы першапачаткова прапісаныя ў санітарных правілах

24 мая 2017

Аптымальны час пачатку заняткаў у школе - 9 гадзін раніцы. Аказваецца, такая норма першапачаткова прапісаная ў санітарных правілах. Па такім графіку ўжо працуе траціна навучальных устаноў нашай краіны. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведамілі прадстаўнікі Мінадукацыі Беларусі.

У найбліжэйшы час пытанне аб часе пачатку заняткаў разгледзяць комплексна - на сумеснай калегіі з Мінаховы здароўя. Магчымыя змены закрануць ужо наступны навучальны год. Літаральна ж праз 5 дзён у вучняў малодшых класаў настануць доўгачаканыя канікулы, а для амаль 144-х тысяч выпускнікоў 11-х і 9-х класаў - іспытная пара і ўступная кампанія. Уручэнне атэстатаў і ўрачыстыя вечары запланаваныя ў школах і гімназіях на 9-е і 10-е чэрвеня. 12-га абітурыентаў чакае першае ЦТ - па беларускай мове. На працягу ўсёй уступнай кампаніі будзе працаваць гарачая лінія.

Святлана Уклейка, начальнік упраўлення Міністэрства адукацыі Беларусі: "Завяршаецца навучальны год і, як правіла, гэта планы на новы навучальны год, ужо праца пачатая. Адбыліся малаважныя змены - скарочана колькасць гадзін на вывучэнне хіміі, адна гадзіна ў 7 класах, але павялічана колькасць гадзін на вывучэнне матэматыкі, не 4 як раней у сярэдніх школах, а 5, таксама ў 7-ых класах. Выраўноўваем вывучэнне рускай і беларускай мовы і, адпаведна, літаратурнае чытанне".

Амаль 360 тысяч дзяцей у Беларусі атрымаюць сёлета магчымасць прайсці аздараўленне ў летніх лагерах. На выбар - розныя формы адпачынку і занятасці. Улічваючы, што 2017-ты - гэта Год навукі, будуць арганізаваны лагеры робататэхнікаў, юных даследчыкаў, біёлагаў, краязнаўцаў. Праца іх арганізаваная на працягу трох-пяці змен.