Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч правёў прыём грамадзян у Крупках

21 мая 2020

Прыём грамадзян Адміністрацыяй Прэзідэнта. 


Выдзяленне зямельных участкаў для вядзення фермерскай гаспадаркі,  рэгістрацыя нерухомасці, праблемы газіфікацыі жылога дома. Гэтыя і іншыя пытанні  гучалі сёння падчас прыёму грамадзян, які правёў у Крупках намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта  Андрэй Кунцэвіч. 

Жыхар аграгарадка Хацюхова Крупскага раёна распавёў, што не можа зарэгістраваць  дом з бярвення, які перавёз з суседняга населенага пункта. Яго пабудову спецыялісты прызналі самабудам на самавольна занятым участку. Мясцовыя ўлады неаднаразова спрабавалі дапамагчы грамадзяніну ўзаконіць будаўніцтва. Аднак вырашыць гэту праблему магчыма толькі  шляхам пераносу будынка і ўзаконьвання меж участку. 

Андрэй Кунцэвіч  папрасіў мясцовых спецыялістаў у будаўнічай галіне  пракансультаваць мужчыну, каб той змог перанесці дом  з найменшымі стратамі і заручыцца пры гэтым падтрымкай сельскага выканкама. 

Андрэй Кунцэвіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Прамыя лініі, прыёмы грамадзян, у тым ліку з выездам на месцы, запатрабаваныя людзьмі. Па сутнасці, гэта своеасаблівая лакмусавая паперка, якая дазваляе зрабіць высновы аб сітуацыі ў раёне, аб падыходах мясцовых органаў улады ў працы з людзьмі. Акрамя таго, як паказвае практыка, за пэўнай асабістай гісторыяй можа стаяць сістэмная праблема, якая патрабуе кіраўніцкіх рашэнняў на рэспубліканскім узроўні. Прыклад таму пачатая па даручэнні Прэзідэнта праца над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе некаторыя прапановы былі адкарэктаваныя з улікам зваротаў грамадзян".

Гучалі падчас прыёму і прапановы наконт будаўніцтва лазні ў гарадскім пасёлку, а таксама  просьбы аб садзейнічанні ў пошуку без весткі прапаўшага сына. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта  пастараўся знайсці рашэнні, якія б задаволілі як заяўнікаў, так і кампетэнтных спецыялістаў, што курыруюць іх пытанні.