Яркае і захапляльнае відовішча сёння маглі назіраць тыя, хто наведаў гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна". У гэтыя дні там праходзіць другі фестываль "Афганскае неба", прымеркаваны да Дня дэсантніка. Больш як 300 чалавек паказалі гледачам рэканструкцыю рэальнага баявога эпізоду, што здарыўся ў Афганістане каля 30 гадоў таму. Рэпартаж Юрыя Шаўчука.
Гэта не Афганістан 80-х, а музей пад адкрытым небам "Лінія Сталіна" сёння. Узнавіць атмасферу той вайны тут вырашылі ў гонар Дня дэсантніка, які блакітныя берэты адзначалі на гэтым тыдні.
Сцэнарый рэканструкцыі заснаваны на рэальных падзеях. Гэтая гісторыя адбылася ў раёне горада Багран. Нашы салдаты ахоўвалі ваенны аэрадром. Адной раніцай вайскоўцы адправіліся набраць вады ў кішлак. Там яны натыкнуліся на баевікоў. Яшчэ некалькі імгненняў - і завязаўся бой.
Імправізаваная машына часу, якая перанесла гледачоў на 30 гадоў таму, была створаная год таму. Менавіта тады ў музейна-гістарычным комплексе прайшоў першы фестываль "Афганскае неба", які сабраў рэканструктараў баявых дзеянняў і ўніфармістаў з Беларусі, Расіі і Украіны.
Сёлета на другі фестываль з'ехаліся сотні ўдзельнікаў. Акрамя рэканструкцыі баявых дзеянняў, людзі дзеляцца цікавымі фактамі з гісторыі, спаборнічаюць у спорце і проста размаўляюць - душэўна і па-братэрску, як калісьці размаўлялі воіны-інтэрнацыяналісты ў далёкім Афганістане.
Уражанняў гледачам дадалі фігуры вышэйшага пілатажу ад аса за штурвалам самалёта Як, паказальныя баявыя выступленні разведчыкаў і перамога нашых салдат, якія адбілі напады баевікоў і захапілі варожы кішлак. На шчасце, такія відовішчы беларусы бачаць толькі падчас пастановачных сцэн.













