Заказнік Лебядзіны патрабуе добраўпарадкавання

9 октября 2014
Унікальны біялагічны заказнік у Мінску патрабуе добраўпарадкавання. Нягледзячы на невялікую плошчу, прыродаахоўная зона каля водасховішча Дразды служыць месцам пасялення вялікай разнастайнасці жывёл і птушак, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Навучэнцы адной сталічнай гімназіі разам з ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны нядаўна распрацавалі экалагічны праект па захаванні гэтага ўнікальнага заказніка.

Наталля Кузьміцкая разбіралася ў тэме.

Больш за 30 гадоў таму на месцы гэтага маленькага возера была торфараспрацоўка. Пасля таго як плошчы выкарыстоўваць перасталі, прыйшла вада. Балоцістыя мясціны адразу засялілі птушкі. Першымі былі лебедзі. Менавіта ад іх і пайшла назва заказніка Лебядзіны.

На тэрыторыі гэтага заказніка ў розныя часы арнітолагамі зафіксавана каля 120 відаў птушак, а гэта трэць ад усёй відавой разнастайнасці Беларусі.

Качка, хахлатая чэрнядзь, чарацянка, лысуха і нават чырвонакніжны малы бугай. З вясны да восені тут можна сустрэць гэтых птушак. Цяпер жа яны паляцелі ў вырай, а гаспадарыць засталіся лебедзі-шыпуны.

У мэтах захавання гэтага біялагічнага заказніка спецыялісты ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны разам з навучэнцамі адной са сталічных гімназіі распрацавалі экалагічны праект. Дзякуючы яму не так даўно у межах заказніка з'явіліся домік і альтанка для назірання за птушкамі. Аднак гэтага недастаткова.

Найперш, што трэба зрабіць, ачысціць канавы, высекчы дрэвы і кусты. Дарэчы, у Акадэміі навук таксама заклапочаны становішчам заказніка Лебядзіны. Таму навукоўцы зараз распрацоўваюць праект па добраўпарадкаванні гэтай прыродаахоўнай тэрыторыі.