Заказчыка інвестпраекта на Барысаўдрэве прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці

22 ноября 2013

Міжведамасная рабочая група па дрэваапрацоўцы сёння праверыла выкананне даручэнняў Прэзідэнта краіны на прадпрыемстве Барысаўдрэў.


Падрабязнасці паўторнай рэвізіі - у Ілоны Красуцкай. У рэвізіі міжведамаснай групы Барысаўдрэў сёння значыўся апошнім аб'ектам. Такую ж пазіцыю - аўтсайдара - заняў сярод 9-ці заводаў дрэваапрацоўкі краіны. Сумнеўную славу прадпрыемства здабыло за кошт прабуксоўваючай мадэрнізацыі і адсутнасці належнага парадку на тэрыторыі.


Частая змена кіраўніцтва, адсутнасць выразнай стратэгіі і, як вынік, змена бізнес-планавання, сталі першапрычынамі мадэрнізацыі, якая зацягнулася. На прадпрыемстве яе пачалі яшчэ ў 2007-м. На той момант агульны кошт праекта ўзрос у 2,5 раза.


Агульны аб'ём інвестыцый за час спроб мадэрнізацыі на Барысаўдрэве ўжо перавысіў 800 мільярдаў рублёў. Аднак у эксплуатацыю дагэтуль не прыняты ні адзін з аб'ектаў, якія будуюцца. Больш за тое, адсутнічае поўны камплект праектна-каштарыснай дакументацыі. У прыватнасці, экспертызу не прайшла запалкавая вытворчасць.


Валерый Стадольнік, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці: Сродкі выдаткаваны ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: крэдытныя рэсурсы пад гарантыі ўрада. І гэтых сродкаў дастаткова. Яны не перавышаюць тыя ліміты, якія ўсталяваныя гэтымі нарматыўнымі прававымі актамі. Пытанне толькі ў распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі і выкананні яе.


1 чэрвеня 2014 года - канчатковы тэрмін завяршэння мадэрнізацыі на Барысаўдрэве. Гэтую дату вызначыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Падчас сённяшняй праверкі старшыня Камітэта дзяржкантролю прыняў прынцыповае рашэнне - за парушэнне тэрмінаў і нізкую якасць прац да адміністрацыйнай адказнасці павінен быць прыцягнуты і заказчык інвестпраекта.


Па графіку ў міжведамаснай групы і рэвізія базавых прадпрыемстваў, дзе мадэрнізацыя па плане і ўвогуле не значыцца. Праверкі закрануць мэблевыя фабрыкі і іншыя прадпрыемствы канцэрна. Канчатковы вердыкт галіны вынесуць у пачатку снежня. На нарадзе з удзелам Прэзідэнта краіны.