Важнай апорай эканамічнай стабільнасці краіны і яе развіцця з'яўляецца прамысловая вытворчасць. "Белшыне" неабходна выйсці на акупнасць праектаў па развіцці. Аб гэтым падчас наведвання прадпрыемства заявіў прэм'ер-міністр. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, для ўрада важна, каб "Белшына " развівалася, нарошчваючы аб'ёмы вытворчасці і рынкі збыту. Адзначым, сёння на прадпрыемстве ідзе мадэрнізацыя, у рамках якой рэалізуецца шэраг буйных інвестпраектаў. Напрыклад, засваенне вытворчасці новых мадэляў звышбуйных шын.
Раман Галоўчанка, прэм'ер-міністр Беларусі: "Праекты былі даволі фінансава ёмістыя, вялікія сродкі пайшлі на іх рэалізацыю. На жаль, не так добра склалася рыначная сітуацыя, якая дазваляла б хутка вярнуць гэтыя сродкі. Таму нагрузка на прадпрыемства фінансавая існуе. Зараз галоўнае - дабіцца акупнасці гэтых праектаў, і прадпрыемства над гэтым актыўна працуе. За кошт чаго гэта можна зрабіць хутчэй? Разлічваем, што вось той кантракт, які зараз рэалізуецца па пастаўках кар'ерных самазвалаў разам з гэтымі шынамі, дасць штуршок, які дазволіць далей рухацца больш упэўнена".
Андрэй Бунакоў, гендырэктар ААТ "Белшына": "Працуючы збалансавана, увогуле-та, як сёння адбываецца, мы паказваем, што мы можам атрымліваць прыбытак ад рэалізацыі, мы можам своечасова разлічвацца з даўгамі, пры гэтым мы можам загрузіць вытворчасць на больш высокім узроўні, пры гэтым мы зніжаем запасы. Вядома, стрымлівае яшчэ пэўная сітуацыя, якая склалася на знешніх рынках у сувязі з пандэміяй. Тым не менш, нават на гэтым фоне мы бачым, што апошнія 3-4 месяцы мы практычна ў паўтара раза змаглі нарасціць аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі".
Сёння на прадпрыемстве працуюць больш як 8 тысяч чалавек. Сярэдняя зарплата - 1000 рублёў. За студзень-верасень гэтага года "Белшына" вырабіла амаль 3 тысячы шын больш чым на 400 мільёнаў рублёў. Экспарт склаў 120 мільёнаў долараў.













