Клопат вадалазаў увесну - прыбраць смецце з дна вадаёмаў

25 мая 2019

Купальны сезон набліжаецца. Вадаёмы, асабліва ў выхадныя, становяцца любімым месцам адпачынку. Пакуль тэмпература ў рэках і азёрах для купання не самая камфортная, але ёсць і тыя, хто гадзінамі не вылазіць з вады. Гаворка пра вадалазаў. Іх клопат увесну – прыбраць смецце з дна вадаёмаў. 

Наш карэспандэнт Вольга Маслоўская ведае, колькі азёр трапіць пад генеральную ўборку ў самай блакітнай вобласці – Віцебскай.  Менавіта на поўнач Беларусі прыпадае траціна ўсіх вадаёмаў краіны. Дарэчы, і самае глыбокае возера знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Гэта возера Доўгае на Глыбоччыне. Але не ўсе яны трапляюць у спіс вадаёмаў, якія кожны год ачышчаюць да купальнага сезона. Першачарговая ўвага тым, што знаходзяцца ля санаторыяў, аздараўленчых лагераў ці грамадскіх пляжаў. На адным з такіх зараз якраз працуюць вадалазы. Возера Сосна ў вёсцы Доўжа – упадабаны маршрут жыхароў Віцебска ў спякотныя летнія дні. 

Акваторыю пляжа, што расцягнуўся на пяцьсот метраў, прачэсваюць два вадалазы. Пластыкавыя бутэлькі, драўляныя палкі, шкло. Нечакана з дна дасталі дыван. Гавораць, хоць гэтае возера і прыбіраюць штогод, але пасля зімы смецця на дне хапае. Віной гэтаму аматары зімовай рыбалкі, якія на лёдзе пакідаюць тое, што трэба было данесці да сметніка.

У генеральнай уборцы вадаёмаў на Віцебшчыне занятыя вадалазы дзесяці выратавальных станцый і манеўрана-пошукавай групы. Падводны стаж Уладзіслава Мартыненкі - амаль пяцьсот гадзін. Ён вадалаз трэцяга класа. Бліжэй да восені плануе пацвердзіць другі клас. Тэмпература вады - не больш за дзесяць градусаў, але ў спецыяльных касцюмах нават спякотна. 

Балона з кіслародам хапае на гадзіну. Працы вадалазаў часта замінае дрэнная бачнасць пад вадой - прыходзіцца быць удвая асцярожным. 

Да пачатку купальнага сезона ў Віцебскай вобласці плануюць прыбраць не менш за 70 вадаёмаў. І не стамляюцца паўтараць: чыста, а значыць, бяспечна, не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць.