Клопат аб людзях - гэта іх прызванне

21 января 2014
Гэты год для самай уважлівай арганізацыі сталіцы асабліва святочны - 95-ты! Сёлета на сацыяльную абарону сталіцы накіруюць больш за 900 мільярдаў рублёў. Сродкі прызначаны для развіцця новых сацыяльных праграм, дэмаграфічнай бяспекі і паляпшэння жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для рэалізацыі маштабнай праграмы рыхтуюць і спецыялістаў.

Аб буднях сацыяльных супрацоўнікаў матэрыял Аляксандры Драгун.

Сняжана Яўгенаўна свой працоўны дзень пачынае на дзве гадзіны раней за сваіх калег. Як той салдат, на варце сацыяльнай службы штодзень з васьмі раніцы.
Мініяцюрная і пяшчотная жанчына не цураецца цяжкай працы. Нягледзячы на надвор'е і ўласны настрой, да сваіх падапечных заўсёды ставіцца з павагай... і так ужо чацвёрты год запар.

Расклад абавязкаў на тыдзень плануюць загадзя. Акрамя паходаў у магазін, вільготная ўборка, мыццё бялізны і чытанне ў слых... малітваў. Вера ў Бога дапамагла Валянціне Іванаўне перанесці страту сына і мужа і ўзмацніць прагу да жыцця, а Сняжана Яўгенаўна - раздзяліць жаночы боль і падтрымаць справай і парадай.

За самаадданасць і шчырасць Сняжана Яўгенаўна для шматлікіх адзінокіх людзей стала не проста апекуном - сям'ёй. І днём, і ноччу, у выхадныя ці на адпачынку рэагуе на патрэбы і спяшаеца на дапамогу.

Жыццёвыя клопаты сваіх падапечных Сняжана Яўгенаўна прымае блізка да сэрца. Менавіта за гэту якасць яны асабліва ўдзячны чулай жанчыне.

Дапамагаюць не толькі ў побыце, але і вылечваюць душэўныя раны. Псіхалагічная падтрымка, увага і неабыякавасць, бадай што, галоўныя складальнікі прафесіі сацыяльнага работніка. Так, у Сняжаны Яўгенаўны падапечных больш, чым дзён у тыдні... 14! Але да кожнага змагла знайсці асабісты падыход.

За гэта і не толькі Сняжану Яўгенаўну па выніках года адзначылі ў конкурсе сярод прафесіяналаў Мінскі майстар. Прызнаецца, без дапамогі мужа перамагчы не атрымалася б.

Сёння ў галіне сацыяльнай абароны Мінска працуюць дзве з паловай тысячы чалавек. У кожнага з іх - па некалькі падапечных, а значыць, тысячы адзінокіх бабуль і дзядуляў не застануцца без увагі.