Колькасць захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі невялікая

10 января 2018

Колькасць захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі невялікая, і на гэты момант захварэўшых на 60% менш, чым у 2017 годзе.

Такія даныя сёння ў Мінску агучылі вядучыя эпідэміёлагі. У асноўным ВРІ дыягнастуюць у дзяцей. Выпадкі грыпу адзінкавыя. Згодна са словамі спецыялістаў, такая спрыяльная карціна склалася за кошт вакцынацыі. Прышчэплена 40,5% насельніцтва - гэта больш як 3,5 мільёна чалавек. Дзякуючы прышчэпцы, беларусы могуць не асцерагацца і "аўстралійскага грыпу", эпідэмію якога зараз чакаюць у Вялікабрытаніі. Гэтая неафіцыйная назва грыпу штаму H3N2.

Наталля Грыбкова, кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі: "У нас усё-такі насельніцтва з гэтым вірусам сустракалася. Імунная сістэма з гэтым вірусам знаёмая, таму асаблівай небяспекі ён не мае".

Уздым захворванняў на ВРІ і грып ў Беларусі прагназуюць напрыканцы студзеня - пачатку лютага. У групе рызыкі - дзеці, пажылыя людзі, цяжарныя жанчыны. Пры першых сімптомах эпідэміёлагі рэкамендуюць звяртацца да ўрачоў.