За развіццё культуры, мастацтва і спартыўныя дасягненні. Сталі вядомыя ўладальнікі прэміі "За духоўнае адраджэнне"

8 Студзеня 2019

Сталі вядомыя лаўрэаты прэстыжнай нацыянальнай прэміі "За духоўнае адраджэнне" і ўладальнікі спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі.

Традыцыйна   гэтымі святочнымі днямі яны ўручаюцца дзеячам гуманітарнай сферы - работнікам культуры, майстрам мастацтва, святарам і сацыяльным работнікам. Усім тым, хто ўносіць асаблівы ўклад у справу міласэрнасці і дабрачыннасці, сваёй працай прасоўвае ідэі гуманізму. Указы аб прысуджэнні прэмій падпісаў Кіраўнік дзяржавы сёння.

Па выніках мінулага года сярод лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" аўтары музыкі і тэкстаў песень Юлія Быкава і Яўген Алейнік за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў сучасным эстрадным мастацтве. Прэмія прысуджана калектывам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Каталіцкай царквы за пераклад з арыгінальных моў і выданне кніг новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе прымнажэнню духоўнай спадчыны. Высокая ўзнагарода ў калектыва дзіцячага хоспіса і Вясноўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва адзначаны, напрыклад, Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл краіны і калектыў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Сярод уладальнікаў узнагароды таксама калектыў Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і народны сямейны ансамбль "Сваякі" з Ваўкавыска. Спецыяльная прэмія Прэзідэнта прысуджана народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву і ўладальніцы тытулаў "Міс Беларусь - 2018" і "Міс свету Еўропа" Марыі Васілевіч.

Сталі вядомыя і тыя, каму пакарыўся "Беларускі спартыўны алімп". Сярод лаўрэатаў гэтай спецпрэміі Прэзідэнта лёгкаатлетка Вольга Мазуронак, вядомы спартыўны журналіст Барыс Герстан, трэнер Ірына Бараноўская. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў дні вялікага свята Нараджэння Хрыстова. Традыцыйна яна пройдзе на сцэне Палаца Рэспублікі. Лаўрэаты атрымаюць узнагароды асабіста з рук Прэзідэнта. У гонар лепшых з лепшых адбудзецца святочны гала-канцэрт.