За работай школьных сталовых зараз сочыць спецыяльная камісія

27 октября 2013
Ад бяспечнасці руху да бяспечнасці школьнага харчавання. Менавіта гэта зараз асабліва хвалюе бацькоў. За работай школьных сталовых зараз сочыць спецыяльная камісія. Яна правярае стан харчаблокаў, сістэму пастаўкі прадуктаў і - што немалаважна - правільнасць прыгатавання ежы. Надзея Сербіненка адправілася па гарачых слядах праверкі і завітала на школьны абед.

Бяспечнасць прадукцыі, якая трапляе ў школьныя сталовыя, кантралюецца санэпідэмстанцыяй адразу на некалькіх этапах: пастаўкі, захавання і вытворчасці. Самы адказны працэс - гатаванне ежы.

Сталовая гэтай гімназіі на перапынках заўсёды запоўнена вучнямі. Асаблівай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаецца шведскі стол - з маркоўнымі і яблычнымі фрэшамі. Лепшы камплімент для повараў - пусты посуд пасля абеду.

Каб зрабіць школьныя абеды больш разнастайнымі, у сталовай арганізаваны дні беларускай кухні, сезонныя абеды і святы імяніннікаў. Да дзяцей з захворваннямі страўнікавай сістэмы і алергікаў таксама індывідуальны падыход.

Галіна Сямёнаўна ўжо 25 гадоў працуе ў сталовый гімназіі і заўсёды падыходзіць да сваёй працы творча. Распрацоўвае эксклюзіўныя рэцэпты і дадае ў меню правераныя дамашнія стравы. Повар таксама лічыць, што стравы павінны быць не толькі смачнымі, карыснымі для здароўя, а і прыгожа аформленымі.

Настаўнікі гімназіі выхоўваюць навыкі здаровага харчавання ў вучняў з пачатковых класаў. Так, у гульнявой форме чацвёртакласнікі даведваюцца пра карысць агародніны, садавіны, і пра шкоду чыпсаў. Каманды вітамінаў А, В і С спаборнічаюць у гастранамічным конкурсе.

Школьныя абеды павінны цалкам забяспечыць дзяцей неабходнай для вучобы энергіяй і вітамінамі. А абсалютная бяспечнасць ежы ў сталовых - гарант здароў'я дзяцей і спакою іх бацькоў.