За перспектыўныя ідэі – стыпендыя Чапскага

9 июня 2015

Сёння ўпершыню імянную ўзнагароду атрымалі фіналісты сталічнага конкурсу “Мінская змена. Лідар года”. Стагоддзе таму мэр Мінска Караль Чапскі падтрымліваў студэнтаў, якія прапаноўвалі праекты ў сацыяльнай, эканамічнай ці культурнай сферах. А цяпер гэтую традыцыю аднаўляюць. Сучасныя ўладальнікі графскай ўзнагароды – студэнты, якія распрацавалі праект у галіне адукацыі. Цяпер паўгода пераможцы будуць атрымліваць да сваёй стыпендыі 600 тысяч рублёў.

Дзяніс Шарсценнікаў, ініцыятар аднаўлення стыпендыі Чапскага: "Праект "Мінская змена" - гэта добры старт для маладых людзей, каб пачаць свой шлях у будучыні. І стыпендыя Чапскага, якую мы адраджаем, - гэта добры дадатковы стымул".

Ілья Рокач, студэнт 3 курса Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце: "Наш праект называецца "Школа поспеху". Ён быў распрацаваны пяццю студэнтамі з вядучых ВНУ краіны. Ідэя – роўны навучае роўных. Навучаем студэнтаў розным навыкам: прававая граматнасць, эканамічная граматнасць, таксама тайм-менеджмент".

Праект “Мінская змена. Лідар года” на працягу сямі гадоў дапамагае студэнтам рэалізаваць асабістыя праекты. За гэты час было прапанавана больш за 70 маладзёжных ідэй. І амаль усе атрымалі сваё месца ў жыцці горада.