За манеўрамі "Захад-2017" назіралі 273 акрэдытаваныя замежныя журналісты

20 сентября 2017

"Захад-2017" яшчэ да свайго старту выклікаў літаральна ўсплёск гарачых дыскусій, у тым ліку і ў сродках масавай інфармацыі. Дарэчы, для прэсы Беларусь таксама забяспечыла адкрыты доступ. За манеўрамі назіралі 273 акрэдытаваныя замежныя журналісты. Карэспандэнтам далі магчымасць не толькі здымаць практычныя баявыя дзеянні, але і гутарыць з удзельнікамі вучэнняў. Сёння ж з прэсай пагутарыў і Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Беларусі. Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваіх уражаннях і аб тым, што з калегам Уладзімірам Пуціным лідары загадзя дамовіліся аб паасобным удзеле ў вучэннях. Таксама закранулі тэмы развіцця беларускай арміі і яе тэхнічнага абсталявання, спробы дыскрэдытацыі "Захаду-2017" і прысутнасці на тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў. Падрабязнасці - у Вольгі Макей.

Гэтымі днямі маштабныя вучэнні "Захад-2017" - безумоўна, тэма нумар адзін не толькі для вайскоўцаў, але і для рэпарцёраў. Беларускіх і замежных. Цікавасць да гэтай інфармацыйнай падставы настолькі высокая, што сваіх журналістаў на беларускія палігоны адправілі рэдакцыі інфармагенцтваў, выданняў і тэлеканалаў не толькі суседніх дзяржаў, а яшчэ, напрыклад, Катара, Японіі, ЗША, Канады і многіх іншых краін. Толькі замежных журналістаў акрэдытавалася больш за 270.

Дарэчы, нават тэрміналогія ў вайскоўцаў і рэпарцёраў падобная. У арсенале тэлевізіёншчыкаў ёсць "граната" (так называюць перадатчык бесправаднога мікрафона), "гармата" (з яе дапамогай камера запісвае навакольны гук). Што ўжо гаварыць, нават студыя праграмы "Панарама" з-за сваёй плошчы носіць назву С-300.

Зрэшты, некаторыя заходнія СМІ, гаворачы аб сумесных вучэннях, на агульны навінавы фронт імкнуліся скінуць чарговую інфармацыйную бомбу. Але дасягнуць мэты не выйшла. Яшчэ да старту манеўраў беларускі Прэзідэнт усім інсінуацыям паставіў заслон, сказаўшы, што "Захад-2017" пройдзе максімальна адкрыта. Гэтак жа адкрыта Аляксандр Лукашэнка адказваў і на пытанні журналістаў. Першае - ад профільнага Ваен-ТБ - аб выніках вучэнняў і ацэнцы саюзнаму экзамену.

Як вядома, манеўры "Захад" саюзныя. Праводзяць іх кожныя два гады па чарзе то ў Беларусі, то ў Расіі. Зараз асноўныя дзеянні на тэрыторыі нашай краіны. Звычайна, заўважаюць журналісты, за вучэннямі абодва прэзідэнты назіраюць разам. Але на гэты раз Уладзімір Пуцін пабываў толькі на палігоне ў Ленінградскай вобласці. Рэпарцёры цікавяцца: чаму парушылі традыцыю? Прэзідэнт тлумачыць: так дамовіліся загадзя.

Яшчэ задоўга да старту вучэнняў многія эксперты і палітыкі з суседніх і не толькі дзяржаў літаральна спаборнічалі ў здагадках аб небяспеках саюзных манеўраў, нібы навязваючы жыхарам заходніх дзяржаў думкі аб пагрозах. Сярод такіх ідэй - Расія нібы пакіне свой кантынгент на тэрыторыі Беларусі.

Вядома, рэпарцёры не маглі не пацікавіцца меркаваннем Галоўнакамандуючага аб запале, што разгарэўся вакол вучэнняў і ператварыўся ў дэзінфармацыйную кампанію. Яшчэ і непрафесійную, дадасць Прэзідэнт.

Гэтую тэму сваім пытаннем працягвае і нямецкі тэлежурналіст. Карэспандэнт канала ZDF распавядае: Літва, Польшча, Украіна занепакоеныя колькасцю расійскіх вайскоўцаў. Але Аляксандр Лукашэнка нагадвае: амаль такі ж склад бываў на падобных вучэннях у нашай краіне і раней і падкрэсліў: Беларусь - выключна міралюбная дзяржава.

Вучэнні "Захад" выключна абарончыя. Такія манеўры - важны экзамен на баявую гатоўнасць. Аляксандр Лукашэнка паўтараў не раз: беларуская армія павінна ўмець даць адпор, мець абсталяванне і навыкі, каб у выпадку ўзброенага канфлікту нанесці праціўніку, як гавораць людзі ў пагонах, урон. Пры гэтым важна мець свае магутныя ваенныя распрацоўкі. Комплекс "Паланэз", здольны паражаць цэлі на адлегласці 200 кіламетраў, - гэта толькі адзін з прыкладаў айчыннай сучаснай высокадакладнай зброі. "Што наперадзе?" – спыталіся ў Прэзідэнта.

Прэзідэнт не стамляецца паўтараць: ваенныя распрацоўкі, вучэнні выключна для таго, каб у патрэбны момант здолець абараніць краіну. Утойваць няма чаго. Таму і манеўры "Захад-2017" максімальна адкрытыя, у гэтым пераканаліся і рэпарцёры. Тэлежурналіст з Германіі на вучэнні прыехаў па бязвізавым рэжыме. Прызнаецца: пяць дзён дастаткова, каб убачыць усё на свае вочы і распавесці гледачам.

Вучэнні "Захад" гэтымі днямі - тэма нумар адзін не толькі ў еўрапейскіх, але і многіх сусветных СМІ. І на гэтай медыякухні ўсе падаюць ваенныя манеўры пад рознымі соусамі. Хтосьці адкрыта прыехаў на палігоны ў пошуках сенсацый. Але Аляксандр Лукашэнка сёння расставіў усе кропкі над i, чарговы раз абазначыў беларускую стратэгію, што ў ваенных справах - порах заўсёды трэба трымаць сухім, што на інфармацыйным полі - адкрыта гаварыць пра тое, што адбываецца.