За летнія месяцы цэнтральны рэгіён плануе аздаравіць больш за 60 тысяч школьнікаў

20 июля 2019

Спартыўныя, экалагічныя і аздараўленчыя лагеры - на выбар школьнікаў. За тры летнія месяцы цэнтральны рэгіён плануе аздаравіць больш за 60 тысяч школьнікаў. На выбар - 24 лагеры кругласутачнага знаходжання. А яшчэ адпачынак у школах і цэнтрах дадатковай адукацыі. Наведаць зялёныя ўрокі, трапіць у палатачны гарадок і прайсці курс водаратэрапіі прапануюць падчас адпачынку на беразе Вілейскага вадасховішча. Рэпартаж Наталлі Кезік. 

А яшчэ абавязкова цёплае адзенне і сухпаёк. Правілам збору дарожнага рукзака ў паход Арцём навучыўся менавіта ў палатачным лагеры. Летнія канікулы ў лесе сталічны школьнік праводзіць чацвёрты год запар.

Застацца без тэлефона і жыць у палатцы амаль два тыдні. Такі від адпачынку кожную змену выбіраюць прыкладна 180 падлеткаў. У раскладзе заняткаў - арыенціры па лесе, сплавы на байдарках і нават урокі па фітатэрапіі. Харчавацца жыхары палатачнага лагера чатыры разы на дзень ходзяць у дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр, які размешчаны за кіламетр ад іх. А ўвечары – абавязковая праграма: дыскатэка на свежым паветры, луста хлеба, падсмажаная на агні і, зразумела, песні ля кастра. 

У суседнім корпусе - для дзяцей больш звыклыя ўмовы летняга адпачынку. У дадатак - шэраг аздараўленчых працэдур: масажы, ванны, спелеа- і фітатэрапія. За адну змену - васемсот школьнікаў з усёй Беларусі. 

Акрамя лячэбнага раскладу прадугледжаны і заняткі для душы - гурткі па квілінгу, выцінанцы, музычныя ўрокі па вакале і на сінтэзатары. Прапаноўваюць школьнікам і адукацыйныя праекты. Упершыню стартавала тут і «зялёная школа». Экалагічную адукацыю за змену атрымалі 140 школьнікаў. 

Каб стаць удзельніцай праекта, Ульяна Вусава з Віцебска праходзіла спецыяльнае тэсціраванне. Сёння яна адна з 70 падлеткаў, якія трапілі ў сталічны ІТ-лагер для дзяцей-сірот. За 9 дзён у IT-лагеры выхаванцы пройдуць экспрэс-курс па праграміраванні, веб-маркетынгу і дызайне, інтэрнэт-журналістыцы. Даведаюцца аб тым, як арганізаваць уласную справу ад ідэі да рэалізацыі. 

IT, спорт, экалогія і аздараўленне - на выбар школьнікаў цэнтральнага рэгіёна. За тры летнія месяцы ў цэнтральным рэгіёне адпачыць у лагерах плануюць больш за 60 тысяч школьнікаў. Для кожнага гэта новыя веды, сапраўдныя знаёмствы і незабыўныя эмоцыі.