За гады вайны ў Валожынскім раёне было спалена 64 вёскі

6 мая 2020
Да свята Вялікай Перамогі засталося ўсяго тры дні. Беларусь унесла свой неацэнны ўклад у гэтую Перамогу. І зараз у многіх раёнах Мінскай вобласці яшчэ ёсць жывыя сведкі тых жудасных падзей. Сёння ж мы раскажам аб помніках Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Валожынскага раёна. З 1941 па 1943 раён быў у акупацыі. Гісторыю прадоўжыць Надзея Сербіненка.

Валожынская зямля змагалася з ворагам на працягу доўгіх і пакутных трох гадоў. З 41-га і акурат да вызвалення ў ліпені 1944-га. Размяшчэнне раёна - сярод густых лясоў, побач з Налібоцкай пушчай, толькі дапамагло развіццю партызанскага руху. Але супрацьстаянне ворагу часта было няроўным.

Наталля Лоўчая, дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея: "На тэрыторыі Валожынскага раёна 64 вёскі і сотні хутароў атрымалі такі лёс як Хатынь. На гэтым месцы былі спалены ўсе жыхары вёскі Кражына. І за тое, што партызаны ўзялі ў палон. Усе жыхары былі спалены. 213 жыхароў і 33 дзіцяці".

У вёсцы Кражына, дзе зараз знаходзіцца мемарыял, яшчэ жывуць сведкі тых падзей. Марыі Адамаўне Казак было ўсяго восем гадоў, калі ў вёску прыйшлі фашысты. Зараз той дзяўчынцы 85 гадоў. 

Усяго за гады акупацыі ў Валожынскім раёне было знішчана дзве з паловай тысячы жылых дамоў, разрабаваны прамысловыя прадпрыемствы, калгасы, школы, бальніцы. Але самымі цяжкімі і беззваротнымі былі людскія страты. Каты знішчылі ў раёне амаль дзевяць тысяч мірных грамадзян.

4 мемарыялы ў Валожынскім раёне маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі

Яшчэ адзін помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца на былым ваенным стадыёне Валожына паміж сучаснымі вуліцамі Беларускай і Набярэжнай.  У 2015 годзе тут былі перапахаваны 107 мірных жыхароў, якіх расстралялі ў 41-м.

Наталля Лоўчая, дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея: "Справа ў тым, што на тэрыторыі раёна - у Івянцы, Ракаве, Забрэззі, Вішневе - былі створаны гета, дзе знішчалі яўрэяў. 100 чалавек закрылі ў казарме. А пасля па 10 чалавек выводзілі на край рова і расстрэльвалі. Пошукавы атрад прыехаў, былі раскопкі і знайшлі астанкі яўрэяў".

У гонар тых, хто ахвяраваў жыццём у гады вайны, у горадзе Валожыне і на тэрыторыі раёна ўзведзены дзясяткі помнікаў і манументаў. Чатыры мемарыялы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.