За брэндам Vidzi college - рэпутацыя, імідж, традыцыі

26 февраля 2017

Сонечная вада ў кране, вятрак, самаробныя ўсюдыход і катар, вальеры са страусамі. Вакол гэтых праектаў у маленькім пасёлку Відзы на заходняй мяжы Беларусі віруе жыццё. Ідэі генеруюць педагогі і навучэнцы мясцовага каледжа - былога ПТВ сельскагаспадарчага профіля. У гэтай фармулёўцы, падавалася б, амаль няма месца для творчасці.

Наадварот. Аказваецца, музы жывуць і ў майстэрнях сярод гаек. У Відзаўскім каледжы рыхтуюць маладых людзей рабочых спецыяльнасцяў, а яшчэ вучаць нестандартна думаць і зменьваць жыццё вакол. У каледж, які стаў горадаўтваральным, адправілася Вольга Маслоўская.

Заходняя ўскраіна Беларусі. Пагранічная зона. Да Літвы зусім троху. Мы ў аграгарадку Відзы. Сціплы населены пункт. Са славутасцяў - касцёл Панны Марыі - адзін з самых вялікіх у Еўропе. Ён жа і самае яркае першае ўражанне ў тых, хто прыязджае вучыцца ў Vidzi сollege. Менавіта так, на еўрапейскі манер, гучыць брэнд мясцовай навучальнай установы. Мець свой таварны знак у каледжа ёсць поўнае права, бо ён у Відзах цэнтр жыцця і горадаўтваральнае прадпрыемства.

Аўдыторыі, лабараторыі і майстэрні размяшчаюцца ў 18 будынках. Дадайце сюды ўласныя лясныя ўгоддзі з навучальнымі пляцоўкамі, возера, узятае ў арэнду, больш за тысячу гектараў земляў сельскагаспадарчага прызначэння, сад, аўтадром, жывёлагадоўчыя фермы і вальеры. Цэлае навучальнае мястэчка. Каля трохсот навучэнцаў атрымліваюць веды па спецыяльнасцях: вадзіцель, механік, трактарыст, вальшчык лесу, кухар, афіцыянт. Вучыцца прыязджаюць нават з Расіі.

Тэхнічныя спецыяльнасці асвойваюць на практыцы, прычым у майстэрнях будучыя механікі праводзяць большую частку навучальнага часу. А яшчэ і ў кружках тэхнічнай творчасці займаюцца. Аказваецца, музы жывуць і сярод жалезак. Чым не шэдэўр механікі: катар "Касатка", пабудаваны на элементах корпуса патанулага судна. Або вялізны джып - сплаў "Волгі", ГАЗ-66 і "Форда Эксплорар". Прычым рукі ў масле тут нават у дзяўчат. Дар'я і Насця не горш за хлопцаў ведаюць, дзе ў аўтамабілі стукае і чаму.

Тут не баяцца эксперыментаваць, таму менавіта Відзаўскі каледж распрацоўшчыкі з МТЗ выбралі ў якасці тэставай пляцоўкі для новых узораў тэхнікі. У якой яшчэ навучальнай установе ўбачыш ветрагенератар. І гэта не выставачны ўзор, а рабочая канструкцыя, з дапамогай якой тут атрымліваюць да 14 000 кілават-гадзін электраэнергіі і асвятляюць памяшканні жывёлагадоўчай фермы. А з кранаў у інтэрнаце і сталовай збяжыць "сонечная" вада - вада, сагрэтая энергіяй сонца. Для яе выпрацоўкі на дахах усталяваныя геліябатарэі.

Частка інавацыйных праектаў рэалізаваная за кошт грантаў, але, як правіла, новыя задумкі ажыццяўляюць за сродкі пазабюджэтныя. Тут умеюць зарабляць грошы і вучаць гэтаму дзяцей. Робяць выпечку, хутка адкрыюць кафэ нацыянальнай кухні. Прадаюць агароднінную прадукцыю, якую вырошчваюць самі, здаюць малако і мяса. Яшчэ трусы - на ферме іх трыста звяркоў - гэта не толькі каштоўнае футра, але і крыніца прыбыткаў. Плюс цэлы спіс паслуг, якія навучэнцы і майстры Відзаўскага каледжа прапаноўваюць насельніцтву: ад узворвання зямлі да нарыхтоўкі дроў. Канкурэнтаў у маленькім населеным пункце няма.

Для шматлікіх учорашніх школьнікаў жыццё ў каледжы - падобнае да адкрыцця. Цалкам новы вопыт. Бо 80 працэнтаў навучэнцаў - з малазабяспечаных сем'яў. У каледжы ламаюць іх уяўленне аб навакольным свеце. Эстэтыка навучальных класаў, утульнасць у інтэрнаце, сталовай. Педагогі гавораць, што ўжо толькі гэта прымушае інакш ставіцца да сабе і навакольных - з павагай. А штодзённая праца - на палях, ферме або ў майстэрні - вучыць няўхільнай ісціне: каб годна жыць, трэба працаваць. Дарэчы, такі падыход да выхаваўчага працэсу быў запісаны яшчэ некалькі стагоддзяў таму ў статуце каледжа. Дакумент датуецца 1828 годам і быў знойдзены ў архівах. Там жа ўстанавілі дату заснавання Відзаўскай навучальнай установы - пачатак XIX стагоддзя.

Ала Кажанеўская, выкладчык Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа: "Павятовае вучылішча курыравалася Віленскім універсітэтам, мела вельмі вялікае значэнне. Здзівіла нас тое, што тут было вельмі сур'ёзнае навучанне. Вывучалася грэчаская гісторыя, рымская гісторыя, батаніка з ухілам на агародніцтва, садоўніцтва. Вучыцца было складана, сканчалі толькі 50 працэнтаў навучэнцаў. Асаблівая ўвага надавалася выхаванню і працы з цяжкімі вучнямі, што актуальна і на сённяшні дзень".

У музеі захоўваецца цікаўны дакумент, які дае ўяўленне аб тым, як стагоддзе таму праводзілася прафарыентацыйная праца. Інспектар вучылішча просіць святара мясцовай царквы пасля чарговай літургіі аб’явіць вернікам, што ўступныя іспыты ў навучальную ўстанову пройдуць сёмага жніўня. Пасля Першай сусветнай быў перыяд разрухі. Новае жыццё навучальнай установы ў Відзах пачалося ўжо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Сёння каледж у заўсёдным руху, гатовы да перамен і эксперыментаў. А змяняючыся сам, змяняе і жыццё вакол. За брэндам Vidzi college - рэпутацыя, імідж, традыцыі.