За мінулы год у Мінскай вобласці арганізавана амаль паўсотні новых фермерскіх гаспадарак

24 февраля 2020
Нетыповая зіма падштурхоўвае аграрыяў Мінскай вобласці актыўна рыхтавацца да вясенне-палявых работ. Ідзе нарыхтоўка насення, паліва, прыводзіцца ў парадак тэхніка. Дарэчы, сёлета сельгаспрадпрыемствы рэгіёна дадаткова атрымаюць сто новых камбайнаў і столькі ж новых трактароў.

Выходзяць ў поле і фермеры. Зрэшты, у многіх прадстаўнікоў аграбізнесу работы не спыняюцца круглы год. А напярэдадні планы і перспектывы кіраўнікі фермерскіх гаспадарак абмяркоўвалі з губернатарам вобласці. З падрабязнасцямі Аляксей Кандраценка.

Пра тое, што займацца аграрным бізнесам няпроста, але ўсё ж выгадна і перспектыўна, гаворыць, напрыклад, і такі факт. Толькі за мінулы год у Мінскай вобласці арганізавана амаль паўсотні новых фермерскіх гаспадарак. У цэлым жа сёння іх 783. 

Аляксей Крапіўка - прадстаўнік фермераў новага пакалення. Юрыст па адукацыі, жыхар Смалявіцкага раёна шмат гадоў у аграрным бізнесе. Заўсёды адкрыты для інавацый і эксперыментаў. Вось і цяпліцу па вырошчванні зеляніны пабудаваў нетыповую. Спецыяльны тэрмас размяркоўвае цяпло не па ўсім памяшканні, а сагравае  менавіта расліны. Эканомна і эфектыўна. 

І пакуль высаджваецца цыбуля на расаду, аграрыі падрыхтоўваюць да сяўбы палі, перапрацоўка ідзе незалежна ад сезона. Новую партыю зялёнай прадукцыі, а таксама самых папулярных саленняў і квашанняў фарміруюць для адпраўкі ў гандлёвыя сеткі. Бесперапынна працуе і мясны цэх. Тут у пакупнікоў свае перавагі. 

Аляксей Крапіўка адзін з сотні вядучых фермераў цэнтральнага рэгіёна, хто з вялікай цікавасцю ўдзельнічаў у нарадзе па пытаннях развіцця фермерскіх гаспадарак на чале з губернатарам Мінскай вобласці. Адзін з праблемных аспектаў - выдзяленне зямельных участкаў. Пытанне ўзялі на асобны кантроль. А рэзананс ад такой сустрэчы, упэўнены бізнесмен, павінен быць станоўчым. 

Дарэчы, адно з пытанняў, якія абмяркоўвалі фермеры, - арганічнае земляробства і экалагічна чыстыя прадукты. Гэты год стане знакавым для адносна новага сектара сельскай гаспадаркі. Ужо летам пад Мінскам адкрыецца першы ў Беларусі рынак экапрадуктаў.