За 14 дзён удзел у перапісе насельніцтва прынялі больш за 4 мільёны чалавек

17 октября 2019
У краіне працягваецца перапіс насельніцтва. За 14 дзён у ім  прынялі ўдзел больш за  4 мільёны чалавек.  З іх праз інтэрнэт працэдуру прайшлі каля  1 мільёна 700 тысяч. Анлайн-перапіс будзе дзейнічаць па 18 кастрычніка,  гэта значыць завершыцца ўжо заўтра.  Заўтра ж скончаць сваю працу мабільныя брыгады на прадпрыемствах, дзякуючы якім яшчэ можна паспець прайсці перапіс без адрыву ад вытворчасці. Па ўсёй краіне дзейнічае каля 7 тысяч такіх брыгад.  Перапісчыкі ж выйдуць па адрасах пражывання рэспандэнтаў з 21 кастрычніка і да 30-га наведаюць тых, хто не змог перапісацца праз інтэрнэт альбо не мае магчымасці прайсці апытанне на стацыянарным участку. Самі стацыянарныя ўчасткі  таксама будуць весці перапіс да 30 кастрычніка, дарэчы, у краіне іх арганізавана 645.