Юрыю Іванову - 80 гадоў!

17 Чэрвеня 2019

Сёння спаўняецца 80 гадоў чалавеку, якому прысвячалі песні і пісалі партрэты. Але ён у сілу прафесіі часцей застаецца за кадрам. У майстэрні фатографа Юрыя Іванова былі і акадэмікі, і палітыкі, і народныя артысты. Распад Савецкага Саюза свет бачыў менавіта яго вачамі, бо Іваноў быў адзіным фотакарэспандэнтам у Віскулях. Сюжэт  Алены Борматавай.

Чалавек, які паднімаўся вышэй за алімпійскі агонь і здымаў першых асоб дзяржаў. Ён ніколі не расстаецца з фотаапаратам і ў свой 80-ты дзень нараджэння запрашае сяброў у Музычны тэатр. Тут пройдзе творчы вечар Юрыя Іванова. 

Падарунак юбіляру яшчэ ў майстэрні. Барэльеф фатографа лепіць яго даўні сябар - скульптар Іван Міско. Усё паводле канонаў акадэмічнага жанру - не з фота, а з асабістай прысутнасцю ў якасці мадэлі.

У майстэрні ў самога фатографа - мільёны негатываў. Гісторыя некалькіх краін і тысяч людзей. Гэта анталогія творчасці ў плёнцы, дзе кожны кадр - свая гісторыя. Паступова Юрый Іваноў усё пераводзіць у лічбу. У тым ліку ўнікальныя кадры Алімпіяды-80.

А яшчэ ён быў адзіным фотакарэспандэнтам у Віскулях у снежні 91-га. Гэта яго здымкі з пазнакай "маланка" размяшчалі ўсе сусветныя інфармагенцтвы. А знакамітая "Лятучка" стала адной са ста лепшых фатаграфій свету. Зробленая на Мінскім тонкасуконным камбінаце. 

Іваноў не дзяліў герояў па рангах і да кожнага знаходзіў падыход. Будзь то дзяўчынка з адселенай вёскі, рабочы завода або народны артыст.

Першы фотаапарат яму падарылі бацькі на 10-годдзе - вельмі шчодры падарунак для дзіцяці ў пасляваенны час. 

Фатаграфіі, якія бачылі хіба што блізкія людзі, зараз убачаць сотні людзей. Рэтраспектыву Юрый Іваноў падрыхтаваў для юбілейнай выставы. 



Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя