"Юр’еўскі карагод" у спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

12 декабря 2019
Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА папоўніў яшчэ адзін беларускі абрад - палескі "Юр’еўскі карагод".

Такое рашэнне было прынята напярэдадні на 14-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая зараз праходзіць у Багаце ў Калумбіі. "Юр’еўскі карагод", некалі распаўсюджаны на ўсёй Тураўшчыне, сёння захаваўся толькі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Мясцовыя жыхары яго выконваюць вясной у дзень святога Юрыя. Ён лічыцца апекуном хатніх жывёлін і сельскай гаспадаркі. Па традыцыі менавіта ў гэты дзень упершыню пасля зімы на поле выводзяць статак. У "Юр’еўскім карагодзе" ёсць месца выпяканню каравая, маляўнічым ручнікам і святочнай вячэры. Мясцовыя жыхары вераць, што абрад будзе спрыяць добраму ўраджаю. 

"Юр’еўскі карагод" - гэта не адзіны беларускі абрад, што знаходзіцца пад апекай ЮНЕСКА.


Раней у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны былі ўключаны абрад "Калядныя цары" і Будслаўскі фэст.

А наогул на сёння ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Белавежская пушча, дуга Струвэ, замкавы комплекс "Мір" і архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы.

Азнаёміцца бліжэй з абрадам "Юр’еўскі карагод" можна ў суботу, 14 снежня. У 10:00 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа прысвечаную палескай традыцыі серыю праграмы "Жывая культура". Таксама пра тых, хто захаваў унікальны звычай, распавядуць нашы карэспандэнты ў нядзелю ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1".