Юны даследчык са сталіцы стварыў мурашыную ферму

14 августа 2017

Тысячы лясных санітараў жывуць у кватэры – у спецыяльных міні-доміках, у якіх трэба падтрымліваць пэўныя ўмовы: тэмпературу, вентыляцыю, вільготнасць. Мурашыныя калоніі самых розных відаў і памераў стварыў Сяргей Бадзілаў. Навошта - даведалася Юлія Токар.

Вертыкальныя, гарызантальныя і аб'ёмныя – разнастайныя домікі для лясных санітараў старанна стварае Сяргей Бадзілаў. Літаральна год таму юны даследчык мурашак стварыў сваю, адмысловую, ферму.

Паступова акрылавыя сцены і шкляная столь ператвараюцца ў камфортныя апартаменты. Тут для мурашоў асаблівыя ўмовы: тэмпература плюс 22, сістэма вентыляцыі і асобная арэна для кармлення. Сярод гастранамічных прысмакаў – салодкая садавіна.

Але ж перш чым трапіць у мурашыны “пентхаус”, насякомыя падрастаюць у такіх мініяцюрных інкубатарах. У кожнай сям'і вельмі строгая іерархія.

Адну калонію можа насяляць літаральна тысяча мурашоў.

Стаць мірмікіперам – даследчыкам мурашоў - можа кожны. Для незвычайных гадаванцаў найперш спатрэбяцца маленькая ферма і запасы ежы. Размясціць імправізаваную лабараторыю лепш у ціхім пакоі, без пападання сонечных прамянёў. І паступова міні-домікі змогуць ператварыцца ў «мурашыны мегаполіс».