Юныя прадпрымальнікі Мінскай вобласці прадэманстравалі свае дзелавыя распрацоўкі

21 мая 2019

Школьны бізнес, які працуе. Юныя прадпрымальнікі Мінскай вобласці прадэманстравалі свае дзелавыя распрацоўкі. У фінал фестывалю “Школа прадпрымальніцтва” прайшлі толькі  шэсць лепшых стартапаў. Экалагічны праект з эканамічным  эфектам, дызайн пакояў для падлеткаў, аграсядзіба з анімацыяй і платформа для афлайн-  і анлайн-тэсціравання. 

З ініцыятыўнай моладдзю сустрэлася Юлія Токар. Выпускніцы Пліскай школы Смалявіцкага раёна – дзве Вікторыі: Рагожына і Юркевіч - паказваюць прафарыентацыйную карту. На ёй  некалькі дзясяткаў пытанняў, якія дапамагаюць вызначыць творчыя схільнасці, інтарэсы і эрудыцыю школьніка. На апрацоўку такіх анкет псіхолагу патрэбныя мінімум два месяцы. Праект дзяўчат дазволіць значна паскорыць дыягностыку. 

Платформа для афлайн- і анлайн-тэсціравання стала адным з лепшых стартапаў Мінскай вобласці. Праект "Pro-псіхолаг" ужо выкарыстоўваюць не толькі ў школах і ўніверсітэтах, але і ў бізнес-кампаніях. 

Яшчэ адзін фіналіст фестывалю "Школа прадпрымальніцтва" - Тeen disign. Стварыць арт-планіроўку пакоя для падлеткаў вырашылі старшакласнікі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна. Юныя дызайнеры распрацавалі стыльны інтэр'ер у 3D-мадэлі. 

Навыкі прадпрымальніцтва аўтары стартапа атрымалі ў школьным бізнес-інкубатары. У Барысаўскім раёне адукацыйны пілотны праект запусцілі ўсяго чатыры месяцы таму, а смелыя распрацоўкі падлеткаў ўжо становяцца лепшымі ў рэгіёне.  Тeen disign, "Pro-псіхолаг", экалагічны праект з эканамічным эфектам, а яшчэ аграсядзіба з графічнымі інсталяцыямі і мабільны дадатак для фермерскай гаспадаркі - шэсць лепшых стартапаў школьнікаў вызначылі ў Мінскай вобласці. Конкурсны этап для іх прадоўжыцца ўжо на рэспубліканскім узроўні, а яшчэ  кожная каманда атрымае майстар-клас па маркетынгу і манетызацыі свайго бізнесу ў "Школе прадпрымальніцтва".