Аўтаралі ў маштабе 1 да 24. У салігорскім Цэнтры тэхнічнай творчасці прайшлі абласныя спаборніцтвы па трасавым мадэлізме. Сабраныя навучэнцамі спарткары кіруюцца джойсцікамі і праходзяць трасу на час. Задача - праехаць на хуткасці да 80 кіламетраў за гадзіну звілістую дыстанцыю і не сысці з маршруту.
Вынік заезду ў руках пілотаў. Ілья Цвяткоў ацаніў майстэрства гоншчыкаў.
Гукі электраматораў і свіст гумы на імправізаваным трэку ў маштабе 1 да 24. Юныя гоншчыкі Мінскай вобласці дэманструюць навыкі на спаборніцтвах па трасавым мадэлізме.
Міні-мадэлі балідаў, падобныя да суперкараў "Формулы 1", на старце электрадыстанцыі. Зялёны сігнал святлафора - і вадзіцелі машын ціснуць педаль газу… на джойсціках.
Задача пілотаў - прайсці за тры хвіліны як мага больш кругоў на няпростай трасе. Тут важная кожная дэталь: правільна падабраная хуткасць, тармажэнні на паваротах і кемлівасць пілота - яна патрэбная, каб абысці саперніка ў самы адказны момант. Дарэчы, "аўтамаланкі" могуць развіць хуткасць на прамой да 80 кіламетраў за гадзіну.
Свае гоначныя баліды юныя інжынеры збіраюць самі. Кожны элемент, змайстраваны ўручную, тэсціруюць, а затым машыну выстаўляюць на заезды. Пасля гонкі апарат, як рэальны спарткар, праходзіць тэхагляд: чыстку рухавіка, рамонт рамы і замену гумы.
Восем юных гоншчыкаў-мадэлістаў, якія пакажуць лепшыя вынікі заездаў, адправяцца прадстаўляць Мінскую вобласць на рэспубліканскія спаборніцтвы. Фінальны заезд пройдзе ў Оршы вясной.













