Юныя дызайнеры ствараюць модныя зімовыя калекцыі адзення

9 января 2020
Хвойныя галінкі і ядловец у модных калекцыях адзення. Зімовыя ўборы ствараюць і выхаванцы тэатра дзіцячай моды. Яго наведваюць каля 150 чалавек ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў  у Смалявічах, Жодзіне, Слуцку. Свае вобразы юныя мадэлі,  яны ж і дызайнеры,  дэманструюць як у нашай краіне, так і за мяжой. Нядаўна яны вярнуліся з італьянскага моднага паказу з першым месцам. З ідэямі будучых  куцюр'е пазнаёмілася  Алена Вітко.

Вось так выхаванцы Смалявіцкага тэатра дзіцячай моды з нітак ствараюць сімвал 2020 года. На занятках яны вывучаюць каларыстку, каб на подыуме прадэманстраваць удалыя вобразы. Сярод юных дызайнераў і Уладзіслаў Вакар. 11-гадовы хлопчык смела разразае пінжак рэтрастылю. Ён ведае, як састарэлыя рэчы ператварыць у новы прадмет гардэробу.

Аўтарскія калекцыі пачаткоўцы-мадэльеры ствараюць са спадручных матэрыялаў. Сваё месца ў стыльным вобразе займаюць зламаныя парасоны, мешкавіна, дзедавы гальштукі.

Выхаванцы тэатра надаюць другое жыццё старым, забытым рэчам. Напрыклад, калісьці гэта быў проста капялюш, а зараз сапраўдны дызайнерскі арт-аб'ект. Галаўны ўбор задэкаравалі стужкамі і дзіцячымі цацкамі. 

Сапраўдным эксклюзівам аднаго з апошніх паказаў стала новая зімовая калекцыя. Уборы дапоўнілі натуральныя яловыя галінкі і ядловец. А канчаткова размалявала вобраз  ілюмінацыя. Гэта толькі адна з рэалізаваных ідэй. Выхаванцы тэатра заўсёды здзіўляюць модных крытыкаў.

Гісторыя тэатра дзіцячай моды пачалася тры гады таму  з аднаго філіяла ў Жодзіне і   некалькіх вучняў. Зараз жа тонкасці стылю пазнаюць каля 150 хлопчыкаў і дзяўчынак. А творчыя студыі праекта працуюць і ў Смалявічах, Слуцку, Салігорску і ў Мінску. І як вынік мінулага года: 4 модныя паказы, каля 10 дыпломаў з розных краін, дзясяткі калекцый і больш чым 100 новых модных вобразаў.