Юбілейная, дваццатая навуковая канферэнцыя "Нанамітынг-2015"

26 Мая 2015

Навукоўцам трэба будзе ацаніць каля паўтысячы распрацовак у сферы нанатэхналогій. Даследчыкі з дзясяткаў краін свету сабраліся ў Мінску на юбілейнай, дваццатай навуковай канферэнцыі "Нанамітынг-2015". Пляцоўкай для сустрэчы і сур'ёзнай дыскусіі на гэты раз стаў Беларускі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Адзін з праектаў паспела ацаніць і Наталля Тарасюк.

Ганна Крывашэева - нядаўняя выпускніца аспірантуры ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, зараз працуе ў альма-матар над вывучэннем уласцівасцяў двухмерных крышталёў і магчымасцю іх змянення. Праекту прадказваюць сур'ёзны поспех, бо вынікі дазволяць прымяняць крышталі ў самых розных прыладах: ад сонечных батарэй да медыцынскага абсталявання.

Ганна Крывашэева, старшы навуковы супрацоўнік цэнтра нанаэлектронікі і новых матэрыялаў НДЧ БДУІР:

"Двухмернымі крышталямі мы займаемся тры гады. Калі пачаўся бум, звязаны з графенам, была вялікая цікавасць у тым, каб знайсці аналагічныя матэрыялы, якія мелі б такую структуру, былі такімі ж трывалымі, але пры гэтым валодалі паўправадніковымі ўласцівасцямі, бо графен металічны".

Вынікі вывучэння двухмерных крышталёў сёння як раз і прэзентавалі на вялікай навуковай канферэнцыі ў Мінску. Дваццаты форум пад назвай "Нанамітынг-2015" сабраў больш за сто навукоўцаў з усяго свету.

Міхаіл Батура, рэктар БДУІР: "Падводзяцца вынікі новых дасягненняў, пра якія гаварылі на ранейшай канферэнцыі ў галіне фізікі, хіміі, якія ў цэлым падводзяць на добрыя дасягненні ў галіне нанатэхналогій, нанаматэрыялаў. Вось тут гэта і будзе абмяркоўвацца. Самыя вывераныя вынікі сюды прывозяць, абмяркоўваюць і звяраюць свае далейшыя дзеянні".

Эльза Піньёль, першы саветнік пасольства Францыі ў Беларусі:

"Нанатэхналогія з'яўляецца сектарам, дзе Беларусь і Францыя вельмі цесна супрацоўнічаюць. І спадзяюся, што будуць супрацоўнічаць і надалей. Ёсць цікавасць і ў сферы навукі, што датычыцца нанатэхналогій, і ў сферы іх прымянення ў галіне прамысловасці".

Такі форум праводзіцца раз на два гады. Упершыню сёлета ўдзельнікамі сталі даследчыкі з Паўднёвай Карэі і Арабскіх Эміратаў.

Галоўная асаблівасць гэтай канферэнцыі - тое, што пра вынікі даследаванняў заяўляе адразу група навукоўцаў з розных краін. Часцей за ўсё гэта сумесныя праекты. Напрыклад, беларускія навукоўцы адказваюць за тэарэтычную частку, а вось правядзенне эксперыментаў кладзецца на плечы іх замежных калег з Францыі і Японіі.

А вось вывучэннем двухмерных крышталёў сумесна з нашымі спецыялістамі займаюцца іх калегі з універсітэтаў Сінгапура, Японіі і Італіі. У кожнага навукоўца свае абавязкі.

На абмеркаванне будучыні нанатэхналогій ва ўдзельнікаў канферэнцыі будуць чатыры дні. Усяго навукоўцам трэба будзе разгледзець больш за чатырыста дакладаў.


Папулярныя

Рэкамендуемыя