Ю. Альберс: Спорт павінен быць па-за палітыкай

20 мая 2021

Беларусь заклікае перагледзець несправядлівае рашэнне Міжнароднага саюза біятланістаў аб пазбаўленні спарткомплекса "Раўбічы"  права прыняць этап Кубка свету ў сакавіку наступнага года. 

Сёння Савет Міністраў нашай краіны  накіраваў у Зальцбург ліст на імя кіраўніка біятлоннай арганізацыі Оле Даліна. У ім беларускі бок выказвае сваё здзіўленне наконт цяперашняй сітуацыі, бо яшчэ нядаўна  функцыянер расхвальваў арганізацыйныя магчымасці Раўбіч. Саюз біятланістаў летась  звярнуўся ў Беларусь  па дапамогу па выратаванні  чэмпіянату Еўропы, і гэтая просьба была пачутая. Беларусь паспяхова правяла спаборніцтвы. 

Так што ж змянілася за гэткі кароткі тэрмін у партнёрскіх адносінах? Вось цытата з ліста, накіраванага ў Міжнародны саюз біятланістаў.

Беларусь прытрымліваецца пазіцыі аб тым, што спорт павінен быць па-за палітыкай і выступаць сродкам аб'яднання людзей. Лічым, што прынятае неабгрунтаванае рашэнне падрывае аўтарытэт саюза ў сусветным спорце і даверныя адносіны з нашай краінай, якія склаліся, а таксама прынцыпы алімпізму. Выяўляем глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што з-за палітыкі "дваістых стандартаў" пацерпяць шматлікія балельшчыкі і аматары біятлона. Спадзяемся, што дадзенае рашэнне можа быць перагледжана Вамі, і далейшае супрацоўніцтва з Міжнародным саюзам біятланістаў будзе актыўна развівацца.