Яша Зібораў знаходзіцца ў прытулку Магілёўскага раёна

9 июня 2017

Яша Зібораў - імя, якое зараз ведаюць многія як у Беларусі, так і ў Расіі. Хлопчык прапаў больш за год таму ў Маскве. І вось шчаслівая развязка - яго знайшлі ў Магілёўскім раёне. Аперацыю праводзілі сумесна праваахоўнікі дзвюх краін. Зараз хлопчык у прытулку, яго жыццю нічога не пагражае. Паводле адной з версій, летась дзіця выкралі ўдзельнікі рэлігійнай суполкі, у якой можа знаходзіцца яго маці. Дзе яна сама - невядома. І вось адзін пікантны момант - заснавальнік порнасекты Сяргей Кірыенка затрыманы ў Балгарыі. Зноў жа па непацверджаных звестках, прыхільнікі гэтай арганізацыі ў сваіх забавах маглі выкарыстоўваць дзяцей. Падрабязнасці ў Аляксандра Смірнова.

Зараз Яша Зібораў знаходзіцца ў прытулку Магілёўскага раёна. Гэтыя здымкі мы зрабілі літаральна сёння. Яго просяць не здымаць зблізку. Паводле слоў выхавальнікаў, хлопчык нармальна есць, спіць і гуляе.

Расійскія каналы дэталёва адсочвалі гісторыю руху "Каула-Дхарма". Суполцы, створанай Сяргеем Кірыенкам, прыпісваліся некаторыя смяротныя грахі. Маўляў, кам'юніці патрабуе безумоўнага падначалення, а яго ўдзельніцы зараблялі на жыццё здымкамі ў фільмах для дарослых і эскорт-паслугамі.

Мітрадэвананда Парамахамса, як называў сябе Сяргей Кірыенка, мог, паводле некаторых звестак, прывабіць у свае сеткі дзясяткі дзяўчат. Анастасія Зіборава - адна з іх. Яна разам з іншымі паслядоўнікамі кам'юніці можа зараз знаходзіцца ў Лацінскай Амерыцы.

Кірыенка затрымалі па запыце Інтэрпала ў Балгарыі. У гэты ж час УУС Магілёва сумесна з расійскімі калегамі спынілі машыну, у якой перавозілі Якава Зіборава па дарозе ў абласны цэнтр. Хлопчыка суправаджаў грамадзянін Расіі, з ім ужо пагутарыў следчы. А міліцыя апублікавала афіцыйны каментарый.

Дзе больш за год трымалі Якава Зіборава, якое выхаванне яму давалі ўвесь гэты час - павінны высветліць следчыя. Калі ж пацвердзіцца інфармацыя аб удзеле дзяцей у дарослых забавах, якія арганізавалі ўдзельнікі "Каула-Дхарма", - гэта будзе падстава для крымінальнага разбору.