Ярнбомбінг, фестываль беларускай кухні і сапраўдная краіна дзяцінства – святочныя выхадныя ў сталіцы былі насычанымі на падзеі. У парку Чалюскінцаў частавалі дранікамі, а на бульвары Мулявіна – апраналі. Прыгожую вопратку звязалі для дрэў і ліхтароў. Што будзе радаваць мінчан і гасцей сталіцы і пасля свята – ведае Ян Пашкевіч.
Пах матуліных дранікаў шэф-повар Андрэй Белавусаў памятае з дзяцінства. Таму з задавальннем згадзіўся даць майстар-клас па іх прыгатаванні. У парку Чалюскінцаў сабраліся аматары бульбяных аладак.
На фестывалі не толькі частавалі, яшчэ і забаўлялі. Танцавальныя майстар-класы і забегі ў мяхах - як для дарослых, так і для дзяцей.
А пляцоўка каля Палаца дзяцей і моладзі пераўтварылася ў краіну дзяцінства. Героі мультфільмаў праводзілі віктарыны, у гульнявой форме расказвалі аб правілах дарожнага руху, запрашалі дзяцей на шахматны паядынак. Тут можна было і акунуцца ў эпоху рыцараў.
У святочныя дні кожны імкнуўся чым-небудзь здзівіць родны горад, па-свойму прызнаваўся яму ў сваіх пачуццях.
На бульвары імя Уладзіміра Мулявіна валанцёры рыхтуюць дрэвы да халадоў і апранаюць іх у цёплыя кішэні. Восеньскія абноўкі прымерылі амаль дзесяць дрэў і нават некалькі ліхтароў. А для аматараў яркіх фотаздымкаў тут павесілі рамку для селфі.
Новая калекцыя восень-зіма для дрэў выраблена з шэрсці, бавоўны і акрылу. Кожны стракаты касцюм вязаўся прыкладна месяц. Каб апрануць дрэвы ў парку, спатрэбілася каля 60 кілаграмаў ажурнага палатна.
Вязаны бальвар, размаляваныя ў бразільскім стылі вуліцы і самая вялікая пляцоўка для варкаўта ў парку імя Паўлава – падарункі, атрыманыя да Дня горада, яшчэ доўга будуць радаваць.













