Кірмашы вакансій цяпер і ў фармаце анлайн

21 января 2019

Новаўвядзенні на рынку працы. Кірмашы вакансій у сталіцы цяпер праходзяць не толькі на базе цэнтраў занятасці, але і ў фармаце анлайн. Пашыраны магчымасці і для перападрыхтоўкі кадраў. Яна праходзіць па розных профілях. Напрыклад, у мінскім каледжы чыгуначнага транспарту за апошнія гады новую прафесію - машыніста электрапоезда - і рабочае месца ў метрапалітэне атрымалі звыш 30 мінчан. Прычым тыя, хто зарэгістраваны ў цэнтры занятасці, карысныя веды атрымліваюць бясплатна.

Спіс навучэнцаў на курсы па перападрыхтоўцы – ад слесараў да кандытараў – фарміруюць у адпаведнасці з сітуацыяй на рынку. Дарэчы, толькі ў сталіцы зараз больш за 17 тысяч вакансій.

Міні-кірмашы вакансій праводзяць у сталіцы рэгулярна. У найбліжэйшы час зноў пройдуць і мерапрыемствы ў анлайн-фармаце. А ў наступным годзе ў Беларусі плануюць увесці і электронныя працоўныя кніжкі. Гэта дазволіць не страціць важную інфармацыю і адначасова паскорыць узаемадзеянне паміж кампаніямі і саіскальнікамі.