Кірмаш інавацыйных ідэй «Смарт-Патэнт» адкрыўся сёння ў Нацыянальным выставачным цэнтры

30 ноября 2016

Знайсці інвестара за адзін дзень. Кірмаш інавацыйных ідэй «Смарт-Патэнт» адкрыўся сёння ў Нацыянальным выставачным цэнтры. Форум сабраў больш за 200 аўтараў, якія прапанавалі 88 арыгінальных праектаў. Распрацоўкі ў сферах медыцыны, біятэхналогій, IT, энергетыкі, прамысловасці ацэньваюць эксперты-навукоўцы і патэнцыяльныя інвестары. Кірмаш праходзіць у фармаце "бі-ту-бі": бізнэс для бізнэса. У якасці запрошанага эксперта выступае расійскі інавацыйны фонд "Сколкава". Яго рэзідэнты прывезлі 10 уласных праектаў у галіне бія- і інфармацыйных тэхналогій.

Кірмаш інавацый працягнецца і заўтра. У праграме - стартап-школы для прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў і Дзень інвестара. Лепшыя інавацыйныя праекты атрымаюць гранты ад спонсараў і магчымасць стаць рэзідэнтам Мінскага тэхнапарка.