Яркае шоу даўжынёй 3 кіламетры! Брэст святкуе тысячагоддзе

7 сентября 2019
Тое, што ў Брэсце ёсць на што паглядзець, не выклікае сумненняў. Чаго толькі вартае карнавальнае шэсце з нагоды тысячагоддзя, якое прайшло сёння ў цэнтры горада! Калі так справа пойдзе далей, праз  некалькі гадоў брэсцкі карнавал дасць фору знакамітаму карнавалу ў Бразіліі. Калона з удзельнікамі расцягнулася больш чым на 3 кіламетры! Паглядзець на шоу прыйшлі сама меней 50 тысяч жыхароў і гасцей горада над Бугам. Дарэчы, зараз сацыяльныя сеткі ў літаральным сэнсе разрываюцца ад хэштэгу Брэст карнавальны. Разам з удзельнікамі прайшоў увесь яркі шлях незабыўнага карнавалу і наш калега Аляксандр Лучонак.

Задумка  карнавалам расказаць пра тысячагоддзе горада над Бугам  знайшла водгук у 50 тысяч гледачоў. Кожны спрабаваў выбраць  лепшы ракурс яшчэ да пачатку шэсця, каб захаваць гэты момант у сваёй асабістай гісторыі. Брэст сёння  гуляў з душой,  горад не пазнаць. 

Шумная і вясёлая працэсія расцягнулася на тры кіламетры. Феі, нібы жывыя, лёталі ў паветры, зоркі сусветнай эстрады ад Фрэдзі Мерк’юры да Алы Пугачовай  выконвалі залатыя хіты, а ахоўвалі іх рыцары і вікінгі. Не абышлося і без чараўнікоў з Хогвартса - Гары Потэр, нібы па ўзмаху палачкі, надаваў усяму дзеянню магічную сілу. 

Пад барабанны дробат калоны стартавалі з трох розных  пунктаў  і злучыліся ў адзінае цэлае. Артысты, танцоры на перасовачных платформах -  больш  як 3 тысячы чалавек  прымерылі розныя ролі і вобразы. 

Брэсцкі карнавал упершыню сёлета ў прамым сэнсе слова выйшаў яшчэ і на міжнародны ўзровень. Прыехалі госці з Расіі, Польшчы, Казахстана і Малдовы. 

Дарэчы, у парадзе прынялі ўдзел аркестры. Гэта быў свайго роду марафон музыкі, які прадоўжыцца і заўтра.

Пешаходны марафон завяршыў тэатралізаваны паказ, падчас якога ўдзельнікі ў незвычайным фармаце расказалі гледачам пра гісторыю горада на Бугам. Горада, якому тысяча гадоў і які з кожным годам толькі маладзее.