Ярка, маштабна і цікава адзначылі Дзень Незалежнасці ў сталіцы і цэнтральным рэгіёне

4 июля 2016

Масавыя ўрачыстасці ахапілі ўсе раёны Мінска. Асабліва відовішчнай была шоу-праграма ў цэнтры сталіцы. Ля стэлы «Мінск – горад-герой» гледачоў парадаваў святочны канцэрт, тысячы беларусаў праспявалі разам гімн краіны, пасля чаго неба над сталіцай упрыгожыў салют.

Удвая яркім і ўрачыстым выдалася святкаванне Дня Незалежнасці ў Дзяржынску. Свята рэспублікі тут супала з юбілеем горада – 870-годдзем. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е, на ўвесь дзень жыхары Дзяржынскага раёна акунуліся ў каларытную атмасферу народных гулянняў і арт-праектаў. А ўжо бліжэй да 11 гадзін вечара на цэнтральнай плошчы горада адбылася рэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам», у якой прыняў удзел і губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра.

Усяго ж па ўсёй Мінскай вобласці ва ўрачыстых мерапрыемствах 3 ліпеня прынялі ўдзел больш за 80 000 чалавек. Кульмінацыяй двайнога свята ў Дзяржынску стаў святочны салют і канцэрт.