Ягад і грыбоў сёлета будзе менш

15 июля 2014

Майскія замаразкі адчувальна паўплывалі на ўраджайнасць чарніц, гэта сёння назіраюць не толькі супрацоўнікі лясгасаў, але і самі зборшчыкі ягад. Між тым сезон журавіны і брусніцы ў Мінскай вобласці пачнецца толькі ў другой палове жніўня. Тых, хто пачне збіраць ягады раней, чакае грашовае пакаранне, як і тых, хто пры зборы лясных ласункаў выкарыстоўвае механічныя прыстасаванні.


Падрабязней у рэпартажы Наталлі Кузьміцкай. Амаль гадзіну ў лесе, аднак знайсці палянку з добрым зараснікам чарніц у зборшчыцы Вольгі Храменкі так і не атрымалася. Усяго паўвядзерца драбнюткай ягады. Як гавораць, на адзін зуб.


Прычыны такога няўдалага ўраджаю жанчыне вядомыя. Штогод яна сустракае ягаднікаў, для якіх паход у лес - не адпачынак на прыродзе, а магчымасць зарабіць.


Розныя механічныя прыстасаванні, напрыклад, такія ручныя камбайны, вельмі небяспечныя для ягаднікаў. Яны зніжаюць ураджайнасць на наступныя гады, таму іх выкарыстанне забароненае. Тых, хто ўсё ж такі аддае перавагу механічнай руцэ, чакае штраф памерам 20 базавых велічынь.


Толькі ў гэтым сезоне супрацоўнікі Стаўбцоўскага лясгасу затрымалі амаль два дзясяткі нядобрасумленных зборшчыкаў.


Між тым сезон збору ягад і грыбоў гарачы не толькі ад надвор'я. Працаўнікі лясгасаў заклікаюць аматараў ляснога адпачынку быць пільнымі і выконваць правілы бяспекі. Вогнішча распальваць у спецыяльна абсталяваных месцах і не пакідаць смецце ў лесе.