"Я ведаю!" працягвае спаборніцтва на эрудаванасць

16 декабря 2017

Белтэлерадыёкампанія працягвае здымкі новых выпускаў аднаго з самых маладых, але ў той жа час самага рэйтынгавага прадукту. Тэлевізійнае інтэлектуальнае шоу "Я ведаю!" - гэта сумесны праект генеральнага прадзюсарскага цэнтра найбуйнейшага медыяхолдынга і Міністэрства адукацыі Беларусі. Каб прыняць удзел у праекце, юнакі і дзяўчаты прайшлі адборачныя туры ў сваіх школах і раёнах, аб'ядналіся ў каманды. На здымачнай пляцоўцы пабывала Вольга Мядзведзь.

Яны бліскалі ведамі і не марылі бліскаць на экранах тэлевізараў. Яны трымаюць у руках не гаджаты, а падручнікі і энцыклапедыі. Галоўны тэлеклас краіны "Я ведаю!" працягвае спаборніцтва на эрудаванасць, гэтым разам сярод вучняў 8, 9, 10 і 11 класаў.

Рынг знатакоў разгарнуўся ў Палацы спорту. На асноўнай пляцоўцы 12 удзельнікаў, у кожнага свая інфармацыйная панэль. Перад пачаткам запісу эфірнага варыянту ўсе школьнікі самі тэстуюць тэхналогію гульні. Ад старту да суперфіналу інтэлектуалаў адлучаюць 4 туры, па ходзе якіх шоу пакідаюць па некалькі канкурсантаў. За права быць у фінале змагаюцца толькі два вундэркінды, якія на працягу гульні далі максімальную колькасць правільных адказаў.

Другая частка здымачнай пляцоўкі - гэта так званая настаўніцкая. Тут педагогі і бацькі з экрана назіраюць за ходам гульні, тут жа сустракаюць сваіх трыумфатараў або тых, каму да перамогі не хапіла некалькі правільных адказаў. Дарэчы, сярод заданняў "Я ведаю!" не толькі школьная праграма. Удзельнікаў правяраюць на агульную эрудыцыю ва ўсіх сферах. Напрыклад, зараз ужо суперфіналіст Раман Жарносенка з Асіповічаў - профі ў біялогіі і астраноміі. Задумацца юнага генія прымусіла пытанне з свету спорту.

На дадзены момант гледачы па іншы бок экрана ўжо змаглі не толькі ацаніць больш за дзясятак выпускаў інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!", але і адказаць на пытанні разам са сваімі фаварытамі.

За кадрам аднаго з самых рэйтынгавых праектаў працуюць больш як паўсотня тэлевізійшчыкаў. Калі кожны ўдзельнік праходзіць адну гульню, то каманда за межамі інтэлектуальнага рынга за дзень па тры. Такім чынам за пяцідзённы здымачны цыкл тэлепрафесіяналы забяспечваюць эфір адразу на некалькі месяцаў.

1-ы сезон эрудыт-шоу "Я ведаю!" складаецца з цыкла праграм, 33 выпускі распланаваныя аж да мая. Каб сачыць за ходам гульні дастаткова ўключаць першую кнопку кожную суботу ў 14:00.