Вязні, якія выжылі, сёння са слязамі на вачах успамінаюць канцлагер у Бухенвальдзе

11 апреля 2014
Сёння спаўнецца 70 гадоў з дня вызвалення зняволеных аднаго з самых страшных і жорсткіх месцаў у гісторыі чалавецтва - канцлагера ў Бухенвальдзе. Тут ставілі доследы на жывых людзях, расстрэльвалі, здзекаваліся. І сімвалічна ў гэты дзень свет адзначае Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Бухенвальд - гэта толькі адна з чатырнаццаці тысяч фабрык смерці па ўсёй Еўропе. Вязні, якія выжылі, сёння са слязамі на вачах успамінаюць праўду тых дзён.

Сюжэт Аляксандры Драгун.

Што такое вайна, Анатоль Георгіевіч даведаўся ў 12 гадоў. Тады яму здавалася, што змагацца з немцамі ён гатовы - зімой 1941 года разам з сябрам прачытаў твор Гайдара Цімур і яго каманда. Аповесць натхніла. Хлопчыкі хацелі стварыць свой таемны штаб і дапамагаць партызанам.

Анатоль Атруба, былы вязень Сырэцкага канцлагера: За плотам стаяла нямецкая часць. Пракраліся. Мабыць, у іх была вялікая рамонтная база. Пашкоднічалі.

Разбілі матацыклы, паламалі машыны і вынеслі боепрыпасы. Фашысты не на жарт спалохаліся. Думалі, што гэта справа сур'ёзнай арганізацыі. Шукалі вінаватых тры дні, а калі злавілі, дапытвалі некалькі разоў.

Анатоль Атруба, былы вязень Сырэцкага канцлагера: Дзесяць дзён нас патрымалі ў гестапа, дапытвалі. Немцы думалі, што нас падаслаў хтосьці, але потым зразумелі, што мы нарадзіліся такімі, і адвезлі нас у канцлагер.

Сырэцкі канцлагер знаходзіўся ў Кіеве побач з Бабіным Ярам. Дарэчы, сярод вязняў былі футбалісты кіеўскага Дынама, якія ўдзельнічалі ў так званым матчы смерці. Тут жа і расстралялі спартсменаў. Усяго такіх фабрык смерці было 14 тысяч па ўсёй Еўропе.

Леанід Рубінштэйн, былы вязень Мінскага гета і канцлагераў: Яны забілі 28 маіх самых блізкіх і родных людзей - гэта мама, тата, цёткі, дзядзькі, сёстры. Яны забілі маіх сяброў, яны забілі ўсё маё юнацтва.

Злачынствы супраць чалавечнасці ўчыняліся паўсюдна без скідак на ўзрост. Дарослыя былі на цяжкіх працах, дзеці станавіліся донарамі. Але нават у такіх страшных умовах зняволеныя не апускалі рукі. У красавіку 1945 года вязні Бухенвальда ўзнялі паўстанне. Пасля мецяжу вызваленне зняволеных стала паўсюдным.

Трасцянец - чацвёрты па велічыні лагер смерці. Менавіта сюды ўвосень 1941 года фашысты прывозілі на грузавіках людзей. Іх расстрэльвалі ў равах-магілах, засыпалі зверху зямлёй і ўтрамбоўвалі гусенічным трактарам.

У Трасцянцы плануецца адкрыць мемарыяльны комплекс. Былыя вязні - людзі сталага ўзросту. Але горыч успамінаў, быццам усё гэта было ўчора, па-ранейшаму выклікае слёзы.