Вывучыць кітайскую мову за 10 месяцаў

28 октября 2013

Гэта нерэальна, але магчыма. Гомельскі студэнт за рэкордны тэрмін змог вывучыць адну з самых складаных моў. Кітайская мова пакарылася Васілю Беляковічу ўсяго за 10 месяцаў.


З вундэркіндам, які свабодна гаворыць па-кітайску, мае вялікі слоўнікавы запас і добрае вымаўленне, сустрэлася Вольга Халадовіч.

Прызнацца ў любові роднай ВНУ на кітайскай мове для Васіля Беляковіча так сама проста, як і сказаць, што значаць іерогліфы. Зрэшты, як і пагутарыць з карэннымі жыхарамі Паднябеснай. Усяго 10 месяцаў у Кітаі - і адна з самых складаных моў паводле версіі Кнігі рэкордаў Гінеса пакарылася беларускаму студэнту.


Каб давесці кітайскую мову да дасканаласці, Васіль размаўляе з аднакурснікамі з Кітая толькі на іх роднай мове. А яшчэ мае зносіны з сябрамі з Паднябеснай па скайпе.


Васіль Беляковіч, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту: Самым складаным было вымаўленне іерогліфа і яго напісанне, таму што ў кітайскай мове ёсць пяць тонаў - чатыры асноўныя і адзін лёгкі, і трэба мець добры музычны слых, каб пачуць розніцу. Адпаведна спачатку было вельмі складана запомніць асноўныя іерогліфы, але потым, чым больш іерогліфаў ведаеш, тым лягчэй вучыць астатнія.


Ніхаа - гэта значыць прывітанне. Гэта было першае слова на кітайскай мове, якое пачуў Васіль. Байэлуосы - Беларусь па-кітайску.


Васіль Беляковіч не адзіны студэнт БелДУТа, які вывучыў кітайскую мову ў самой Паднябеснай. Дарэчы, такі вопыт у ВНУ плануюць працягваць. Тым больш што маладыя спецыялісты з веданнем кітайскай запатрабаваныя.


Юрый Самадум, прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту: Сёння Беларуская чыгунка эксплуатуе рухомы склад, які пабудаваны ў Кітаі. Такія спецыялісты зараз як ніколі запатрабаваныя.


Вывучыць кітайскую мову ўсяго за дзесяць месяцаў - своеасаблівы рэкорд. Нядзіўна, што папулярны ў сценах роднай ВНУ Васіль Беляковіч стаў і папулярнай персонай. Пра яго пішуць у газетах і здымаюць рэпартажы. Гэта, як гаворыць сам студэнт, хоць і пабочны, але ў той жа час вельмі прыемны эфект вывучэння кітайскай мовы.