Выстава "Вялікія дні" адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі

10 апреля 2015

Галоўнаму атрыбуту надыходзячага светлага хрысціянскага свята прысвечана выстава "Вялікія дні". Яна адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Сучасныя і рарытэтныя экспанаты вывучыла Юлія Лосікава.

Пчаліны воск, натуральныя фарбы і самаробныя прылады для малявання. Традыцыя распісваць яйкі напярэдадні Вялікадня налічвае не адно стагоддзе. Палатном будучай выяве служыць жывое чыстае яйка. Абавязкова белага колеру. Самая складаная тэхналогія разалеўка - пісанка.

Аксана Акуневіч, мастак: "Пісанкі - гэта менавіта вось гэтыя рознакаляровыя яйкі. Жывыя. Браліся першыя. Вось як толькі пасля зімы куры несліся, іх захоўвалі, нічога з імі не рабілі. Як вось кажуць відзьмуваць трэба, запоўніць воскам - не. Бралася чыстае яйка і на ім пісалі. І вось так захоўвалі. Яны могуць захоўвацца і 100 гадоў, калі не паб’ецца".

Беларускія пісанкі вылучаюцца сваёй манахромнасцю. Асноўныя колеры арнаментаў: белы, жоўты, чырвоны і чорны. Маляваліся ўзоры пераважна на цёмным фоне, яго дабывалі з натуральных матэрыялаў: кары дуба і шалупіння цыбулі.

Сярод прадстаўленых на экспазіцыі вылучаюць пісанкі дзвюх тэхнік. Вось такі лінейны ўзор зроблены спецыяльнай прыладай - пісачком. Ну а вось такое яйка размалявалі з дапамогай звычайнага цвіка.

Самыя распаўсюджаныя сімвалы пісанак: неба, зямля, сонейка, зярняткі. Часцей за ўсё такім філігранным мастацтвам займаліся жанчыны. Вялікодныя пісанкі асвяшчалі, упрыгожвалі імі дом і хрыстасаваліся. На жаль з-за крохкага матэрыялу да нашых дзён захавалася ўсяго некалькі дзясяткаў такіх унікальных вырабаў.

Выстаўленая калекцыя - фонды музея народнай архітэктуры і быту. Каб адшукаць нават гэтыя экспанаты, навуковыя супрацоўнікі праводзілі экспедыцыі па ўсей краіне. Выстаўляюць і транспартуюць пісанкі ў спецыяльных кантэйнерх. Сёння кожная адзінка - літаральна старажытны скарб.