Выстава іспанскай лялькі з характарам адкрылася ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка

19 июля 2019
Выстава іспанскай лялькі з характарам адкрылася ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка, што ў Траецкім прадмесці. Амаль 300 лялек з прыватнай калекцыі дэманструюць увесь спектр дзіцячых эмоцый. Адкуль яны родам і як трапілі ў Беларусь – рэпартаж Ларысы Гулякевіч.

Запрашаю дзяцей і дарослых у казачны свет характарнай іспанскай лялькі. Тут адбываецца знаёмства не толькі з ювелірным майстэрствам,  гэта сапраўдны тэатр эмоцый, а экспанаты дэманструюць і дзіцячую моду. Нібы жывыя дзеці,  кожны са сваім характарам і эмоцыямі на тварыках. Радасць, сум, крыўда, здзіўленне, жах і весялосць – сапраўдная драматургія ў кожным вобразе.

Уся калекцыя  родам з Іспаніі. Выпускаліся гэтыя лялькі на фабрыках у сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя у іспанскім горадзе Анілі. На жаль, праз сем гадоў вытворчасць «маленькіх крыўляк» (менавіта так называлі гэтых лялек з рознымі эмоцыямі) спынілася. 

Існуюць розныя версіі закрыцця вытворчасці гэтых цацачных артыстаў. Святлана Пінчук, якая і сабрала калекцыю амаль з 300 экспанатаў,  бачыла дакумент, дзе гаварылася аб пажары на фабрыцы, падчас якога ўсе эскізы былі страчаны. Арыгінальнае адзенне герояў было распрацавана вядомымі іспанскімі мадэльерамі, таму кожны з персанажаў мае свой непаўторны ўбор. 

Іспанскія лялькі з пацешнымі тварыкамі розных колераў, зробленымі з вінілу і з мякка набіваным тулавам, захаваліся толькі ў прыватных калекцыях. Аднак характарная лялька вяртаецца. Майстры з розных краін  у сваіх аўтарскіх работах выкарыстоўваюць ідэю тэатра эмоцый. Тры сотні вельмі натуралістычных дзіцячых герояў памерам ад 17 да 70 сантыметраў змясціліся у галоўнай зале Гасцёўні Уладзіслава Галубка і чакаюць сустрэчы да 8 верасня.